Frontex: Тунэлі для мігрантаў не могуць будавацца без ведама беларускіх спецслужбаў

Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex лічыць, што дзяржаўныя структуры Беларусі могуць быць датычныя да будаўніцтва тунэляў, праз якія мігранты трапляюць у краіны ЕС. Пра гэта паведамілі WDR і NDR са спасылкай на ўнутраны аналіз агенцтва, які трапіў у іх распараджэнне, піша Tagesschau.de.

«Такія тунэлі не будаваліся б на беларускім баку мяжы без ведама і падтрымкі беларускіх спецслужбаў», – прыводзіцца вытрымка з дакумента.

Таксама не выключаецца, што ўлады Беларусі могуць прыцягваць да будаўніцтва як спецыялістаў, так і саміх мігрантаў. У Frontex лічаць, што тунэлі могуць выкарыстоўвацца і надалей.

Тыдзень таму латвійскія ўлады ўпершыню выявілі тунэль на мяжы з Беларуссю, каля закрытага памежнага пераходу Сілене. Мяркуецца, што праз яго ў Латвію змаглі трапіць 15 мігрантаў.

З мінулага года некалькі тунэляў таксама выяўлялі на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай. У 2026 годзе толькі ў Літве выявілі 5 такіх аб’ектаў. Паводле даных Frontex, праз 3 з іх у краіну праніклі як мінімум 86 грамадзян Афганістана, Пакістана, Ірака і Індыі. Яшчэ 2 тунэлі выявілі на стадыі будаўніцтва.

У агенцтве адзначаюць, што колькасць незаконных перасячэнняў знешніх межаў ЕС на ўсходнім напрамку пры гэтым зніжаецца. У першым паўгоддзі 2026 года Frontex зафіксаваў 3209 выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы, што на 44% менш за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

Аднак у Frontex лічаць, што міграцыйны ціск з боку Беларусі не аслабеў. Пасля ўзмацнення памежнага кантролю Польшчай, Літвой і Латвіяй, уключаючы будаўніцтва загарод, беларускія службы сталі выкарыстоўваць больш складаныя спосабы садзейнічання мігрантам, адзначаюць аўтары. Для агенцтва гэтыя тунэлі з’яўляюцца прыкметай таго, што Беларусь адаптуецца да новай сітуацыі.

«Варта зыходзіць з таго, што тунэлі будуць выкарыстоўвацца да таго часу, пакуль захоўваецца інструменталізаваны міграцыйны ціск з боку Беларусі», — гаворыцца ва ўнутраным аналізе.

Паводле даных унутранага аналізу, большасць спроб перасячэння мяжы з Беларусі цяпер прыпадае на напрамак Латвіі, тады як на літоўскім і польскім напрамках іх стала значна менш.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!