Эммануэль Макрон на военно-морской базе Иль-Лонг во французском Бресте. Скриншот видео.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Францыя дазволіць часовае размяшчэнне сваіх самалётаў з ядзернай зброяй у краінах-саюзніках. Пра гэта ён заявіў сёння, выступаючы на ваенна-марской базе Іль-Лонг у французскім Брэсце.
Восем еўрапейскіх краін (Германія, Бельгія, Данія, Грэцыя, Нідэрланды, Польшча, Вялікабрытанія і Швецыя) на дадзены момант пагадзіліся прыняць удзел у прапанаванай Францыяй праграме «ўдасканаленага стрымлівання».
Гэтыя краіны, у прыватнасці, змогуць размясціць «стратэгічныя ваенна-паветраныя сілы» французскіх ВПС, якія, такім чынам, змогуць «распаўсюдзіцца ўглыб еўрапейскага кантынента», каб «ускладніць разлікі нашых праціўнікаў», растлумачыў французскі прэзідэнт у сваім выступленні, прысвечаным ядзернаму стрымліванню, перадае Le Monde.
Пры гэтым ён адзначыў, што «канчатковае рашэнне» аб нанясенні ядзернага ўдару «прымае выключна Прэзідэнт Рэспублікі».
Падкрэсліўшы, што бяспека Францыі «ніколі не задумвалася выключна ў межах яе тэрыторыі», Эманюэль Макрон удакладніў, што «не будзе ніякага падзелу ў вызначэнні жыццёва важных інтарэсаў, якое застанецца пытаннем суверэннага рашэння нашай краіны».
Макрон таксама пацвердзіў будаўніцтва новай атамнай падводнай лодкі з балістычнымі ракетамі.
У іншай важнай заяве прэзідэнт рэспублікі таксама паведаміў, што Францыя павялічыць колькасць сваіх ядзерных боегаловак. «Мы больш не будзем раскрываць даныя пра наш ядзерны арсенал, у адрозненне ад таго, што магло быць у мінулым», — дадаў ён.
Нарэшце, неўзабаве пасля выступлення Эманюэля Макрона Францыя і Германія абвясцілі пра «больш цеснае супрацоўніцтва» ў галіне ядзернага стрымлівання. Германія прыме ўдзел у французскіх ядзерных вучэннях «пачынаючы з гэтага года», гаворыцца ў іх сумеснай заяве, перадае Le Monde.