Фото: x.com/kajakallas
На наступным тыдні міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць узмацненне міжнароднага ціску на Расію. Пра гэта заявіла вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах Кая Калас, каментуючы масіраваны ўдар па Украіне.
Еўрачыноўніца назвала атаку тэрорам супраць мірнага насельніцтва і заявіла, што Расія зайшла ў тупік на полі бою і таму наносіць наўмысныя ўдары па цэнтрах гарадоў.
«Гэта агідныя тэрарыстычныя акты, накіраваныя на тое, каб забіць як мага больш мірных жыхароў. Паведамленні пра тое, што Масква выкарыстоўвае балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці „Арэшнік“ — сістэмы, прызначаныя для дастаўкі ядзерных боегаловак, — з’яўляюцца палітычнай тактыкай запалохвання і безразважнай гульнёй на мяжы ядзернай вайны. На наступным тыдні міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць, як узмацніць міжнародны ціск на Расію», — напісала яна ў X.