Еўрапарламент запатрабаваў ад Беларусі і Расіі раскрыць інфармацыю пра вывезеных украінскіх дзяцей
Рэдакцыя Reform.news · 12 лістапада 2026, 18:59
https://reform.news/be/e-raparlament-zapatrabava-ad-belarusi-i-rasii-raskryc-infarmacyju-pra-vyvezenyh-ukrainskih-dzjacej/Еўрапарламент запатрабаваў ад уладаў Беларусі і Расіі даць поўную інфармацыю пра ўкраінскіх дзяцей, дэпартаваных або прымусова перамешчаных на тэрыторыі гэтых краін. Дэпутаты таксама заклікалі пашырыць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і арганізацый, датычных да вывазу і ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей.
Адпаведная рэзалюцыя была прынята 12 лістапада 536 галасамі. Супраць прагаласавалі 8 дэпутатаў, яшчэ 37 устрымаліся.
У дакуменце Еўрапарламент асудзіў сістэматычную дэпартацыю, прымусовае перамяшчэнне, незаконнае ўсынаўленне, гвалтоўную русіфікацыю, ідэалагічную апрацоўку і мілітарызацыю ўкраінскіх дзяцей з боку Расіі, у тым ліку з удзелам Беларусі і Паўночнай Карэі.
Ад беларускіх і расійскіх уладаў дэпутаты запатрабавалі перадаць Украіне і адпаведным міжнародным арганізацыям поўныя звесткі, якія паддаюцца праверцы, пра ўсіх украінскіх дзяцей, дэпартаваных або прымусова перамешчаных на тэрыторыю гэтых краін, праз яе або ўнутры яе. Гаворка ідзе пра ўстанаўленне асобы дзяцей, іх месцазнаходжання, стану здароўя і прававога статусу.
У рэзалюцыі прыводзяцца вынікі даследавання Ельскага ўніверсітэта, апублікаванага ў 2023 годзе. Паводле гэтых даных, не менш за 2442 украінскія дзіцяці былі перамешчаныя ў 13 устаноў на тэрыторыі Беларусі. Там яны падвяргаліся палітычнаму перавыхаванню, а ў асобных дакументальна пацверджаных выпадках праходзілі ваенную падрыхтоўку.
Еўрапарламент таксама нагадаў пра сваю рэзалюцыю ад 8 мая 2025 года, у якой асудзіў дзеянні Расіі і саўдзел Беларусі ў дэпартацыі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
Дэпутаты заклікалі Савет ЕС пашырыць і забяспечыць строгае выкананне санкцый супраць расійскіх, беларускіх і паўночнакарэйскіх службовых асоб, датычных да гэтых дзеянняў. Аўтары заяўляюць, што пад абмежаванні павінны трапляць не толькі чыноўнікі, але і прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, адукацыйных арганізацый, адміністрацый дзіцячых лагераў, транспартных кампаній і іншых структур, якія ўдзельнічаюць у дэпартацыі, прымусовым перамяшчэнні, незаконным усынаўленні, ідэалагічнай апрацоўцы і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.
Еўрапарламент падтрымаў супрацоўніцтва Еўрапола, Еўраюста, украінскага амбудсмена і іншых арганізацый для ўстанаўлення месцазнаходжання дзяцей, незаконна перамешчаных у Расію, Беларусь і Паўночную Карэю, а таксама збору доказаў для наступнага прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Рэзалюцыя патрабуе ад Расіі неадкладна, бяспечна і без якіх-небудзь умоў вярнуць усіх дэпартаваных і прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
Дэпутаты падкрэслілі, што вяртанне дзяцей з’яўляецца абавязацельствам паводле міжнароднага права і не можа выкарыстоўвацца ў якасці прадмета гандлю на перамовах, у тым ліку ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі, вызваленне палонных або іншыя палітычныя дамоўленасці.
Згодна з дакументам, па стане на верасень 2026 года ўкраінскія ўлады пацвердзілі 20 651 выпадак дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння дзяцей Расіяй. Каля 1,6 млн украінскіх дзяцей, паводле ацэнак, застаюцца на акупаваных Расіяй тэрыторыях. Па стане на 28 кастрычніка ўдалося вярнуць 2752 украінскія дзіцяці, дэпартаваныя, прымусова перамешчаныя або вывезеныя з акупаваных тэрыторый.
Еўрапарламент настойвае, што вяртанне ўсіх незаконна вывезеных дзяцей павінна стаць адным з цэнтральных пытанняў любых перамоваў аб завяршэнні вайны.
Дэпутаты таксама пацвердзілі падтрымку Міжнароднага крымінальнага суда і выдадзеных ім ордараў на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў Расіі Марыі Львовай-Бяловай па абвінавачанні ў незаконнай дэпартацыі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Пры гэтым Еўрапарламент падкрэсліў, што адказнасць павінны панесці не толькі прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва, але і ўсе датычныя да арганізацыі і ажыццяўлення гэтых дзеянняў.
