ДзяржТБ Беларусі абвінаваціла спецслужбы Польшчы і Украіны ў наркатрафіку з дапамогай метэазондаў з Літвы

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла пра выяўленне канала паставак наркотыкаў з Польшчы ў Расію праз беларускую тэрыторыю. Падрабязнасці аперацыі былі агучаны ў эфіры тэлеканала АНТ.

У сюжэце сцвярджаецца, што Беларусь выкарыстоўвалася выключна як транзітны маршрут, а канчатковым пунктам прызначэння была Расія. Падчас аперацыі затрыманы 66-гадовы грамадзянін Беларусі з Лепеля Валерый Смаленскі, які, як сцвярджаецца, спрабаваў перавезці каля 60 кілаграмаў сінтэтычных псіхатропных рэчываў і 320 брыкетаў гашышу. Кошт партыі ў МУС ацанілі прыкладна ў 4 млн долараў.

Аўтары заяўляюць, што мужчына «жыў у Еўропе», потым 10 гадоў у Маскве, працаваў таксістам і пагадзіўся на прапанову знаёмага з Літвы па імені Гедымінас заняцца перавозкай забароненых рэчываў. Для транспартавання яму перадалі аўтамабіль са спецыяльна абсталяваным тайніком, у якім можна было ўтойліва перавозіць наркотыкі. Падазраваны забраў груз у лясным масіве на тэрыторыі Беларусі, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Затрымалі і тых, хто быў у лесе.

У сюжэце заявілі, што наркотыкі дастаўляліся праз беларускую мяжу з выкарыстаннем метэазондаў, адзін з якіх быў выяўлены ў Гродзенскім раёне вартаўніком рыбгаса. Унутры знаходзіліся 326 брыкетаў гашышу, а таксама GPS-трэкеры і SIM-карта літоўскага аператара сувязі. Побач дзяжурыла Audi на расійскіх нумарах.

Асобы, якія знаходзіліся непадалёк і раней былі судзімыя за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, былі затрыманыя, заявілі ў сюжэце.

Аўтары сцвярджаюць, што наркотыкі вырабляюцца ў падпольных лабараторыях на тэрыторыі Польшчы, а іх перакідкай праз мяжу займаюцца грамадзяне Літвы з выкарыстаннем метэазондаў. Кур’еры пасля дастаўляюць тавар у Расію.

«Капнулі нашы праваахоўнікі глыбей і высветлілі, што наркотыкі ідуць з Польшчы. Але адпраўляюць іх не палякі, а літоўцы. Прычым ужо даволі знаёмым спосабам. Чакалі па годзе, выязджалі ў суседнюю краіну, каб злавіць вецер, мацавалі да паветраных шароў наркотыкі, у якіх хавалі GPS-трэкер і мабільны тэлефон для кантролю па маршруце, і адпраўлялі пасылку на беларускі бок.

Тавар сустракалі свае людзі, а такія, як Валерый, павінны былі даставіць наркотыкі ў Расію. У асноўным гэта была сінтэтыка. Падчас аператыўнай работы высветлілася, што на расійскі рынак адпраўлялі выключна танную забойную дрэнь. Прычым работа была наладжана неўласцівым для наркабізнесу чынам. Дэмпінгавыя цэны, скідкі і акцыі нябачанай шчодрасці. Любыя грошы за транспартаванне, абы толькі тавар апынуўся менавіта там», — заявілі ў сюжэце.

Акрамя таго, у эфіры АНТ прагучала, што «вытворчасць наркотыкаў курыруецца ўкраінскімі і польскімі спецслужбамі», а іх транспартаванне ажыццяўляецца пры ўдзеле грамадзян Літвы. Якіх-небудзь доказаў гэтых сцвярджэнняў у сюжэце прадстаўлена не было.

«Паводле атрыманых аператыўных даных, у цяперашні час на тэрыторыі Польшчы функцыянуе некалькі лабараторый па вырабе таннага сінтэтычнага наркотыку, вядомага як 4 СМС. Працэс вытворчасці наркотыкаў курыруецца ўкраінскімі і польскімі спецслужбамі.

Ахову заводаў ажыццяўляюць узброеныя асобы з ліку ўкраінскіх вайскоўцаў. Функцыянаванне лабараторыі, вытворчасць наркотыку і яго далейшае транспартаванне не могуць адбывацца без ведама прадстаўнікоў праваахоўнага блока і спецслужбаў замежнай дзяржавы», — заяўляюць у сюжэце.

Аўтары сцвярджаюць, што прадстаўнікі сілавога блока заходніх краін «непасрэдна ўдзельнічаюць у незаконным бізнесе», нагадаўшы пра нядаўнія затрыманні паліцэйскіх і памежнікаў у Літве і абвінаваціўшы суседнія краіны ў «гібрыднай вайне» супраць Беларусі і Расіі.

Скрыншот эфіру АНТ
Скрыншот эфіру АНТ
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!