Дзяржкамваенпрам плануе пашырыць «спектр ракет» для «Паланэза»

РСЗА «Паланэз-М» у перспектыве зможа выкарыстоўваць большы набор ракет. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус, гаворачы пра мадэрнізацыю сістэмы.

“Любы від узбраення рана ці позна неабходна мадэрнізаваць, у тым ліку і да «Паланэза» дайшла адпаведная чарга. Мы ў самай бліжэйшай будучыні плануем пашырыць спектр ракет, якія могуць выкарыстоўвацца дадзенай сістэмай”, — сказаў ён.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што РСЗА неабходна мадэрнізаваць. Ён таксама згадваў, што вядзецца работа па абароне ракет ад сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Пантус таксама сёння згадаў гэты напрамак.

“Варта адзначыць і тое, што сёння ўсе краіны, якія займаюцца ракетабудаваннем, надаюць асаблівую ўвагу перашкодазахаванасці ракет з улікам таго, што сродкі радыёэлектроннай барацьбы вельмі хутка развіваюцца.

Гэты напрамак сёння з’яўляецца сусветным трэндам, і мы таксама стараемся адпавядаць гэтым тэндэнцыям і праводзім работу не толькі ў галіне ракетабудавання, але займаемся пытаннямі перашкодазашчышчанасці ўсіх сродкаў, якія выкарыстоўваюць каналы спадарожнікавай навігацыі”, — цытуе Пантуса БелТА.

У канцы снежня міністр абароны Віктар Хрэнін дакладваў Лукашэнку аб пусках з мадэрнізаванага «Паланэза-М», які адрозніваецца павялічанай дальнасцю і дакладнасцю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!