Виктория Чмилите-Нильсен. Фото: facebook.com/liberalai
Лідарка літоўскага Руху лібералаў Вікторыя Чмілітэ-Нільсен абвінавачвае частку кіроўнай эліты ў маніпуляванні грамадскай думкай. На яе погляд, яны распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю пра тое, што санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, прыносяць карысць Расіі, піша Radio Znad Wilii са спасылкай на BNS.
У інтэрв’ю радыёстанцыі Žinios Чмілітэ-Нільсен заявіла, што абмеркаванні магчымасці аднаўлення адносін Літвы з Беларуссю вядуцца ва ўрадавых колах і сярод асобных палітыкаў кіроўнай кааліцыі, назваўшы такі падыход памылковым.
«Гэтыя разважанні аргументуюцца маніпулятыўным чынам. Прыкладам можа служыць заява Міндаўгаса Сінкявічуса, які мяркуе, што санкцыі на ўгнаенні і транзіт угнаенняў выгадныя Расіі. Гэта поўная маніпуляцыя. Ён падмяняе рэальнасць бачнай і пракладвае шлях да змены стратэгічнага курсу Літвы», — дадала лідарка лібералаў.
На гэтым тыдні Міндаўгас Сінкявічус сустрэўся ў Вільні з былой беларускай палітвязынкай Марыяй Калеснікавай. Пасля сустрэчы ён паведаміў у Facebook, што Калеснікава, у прыватнасці, заклікала аднавіць пасажырскае чыгуначнае злучэнне Мінск – Вільня і павялічыць колькасць аўтобусных рэйсаў. Сінкявічус адзначыў неабходнасць дакладнага вызначэння мэтаў палітыкі Літвы ў дачыненні да Беларусі ў кароткатэрміновай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.
Дыскусія вакол санкцый актывізавалася пасля таго, як у сярэдзіне снежня спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл дамовіўся з беларускімі ўладамі аб вызваленні часткі палітычных зняволеных і зняцці санкцый з беларускіх калійных угнаенняў. Пасля гэтага ў Літве пачалі гучаць здагадкі пра магчымы ціск Вашынгтона на Літву, каб яна аднавіла транзіт угнаенняў праз порт Клайпеды.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што пазіцыя краіны ў дачыненні да Беларусі застаецца адной з самых жорсткіх у Еўропе. Ён падкрэсліў, што падыход да падаўжэння і ўзмацнення санкцый у дачыненні да Мінска застаецца нязменным. Жорсткую пазіцыю таксама агучыў і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.