Андрей Гаврилюк. Источник: t.me/belzhd_live
Па інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, цягнікавага дыспетчара Андрэя Гаўрылюка, затрыманага па справе аб кантрабандзе цыгарэт, абвінавачваюць таксама ў здрадзе дзяржаве.
Цягніковага дыспетчара ўчастка Мінск — вузел Цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Гаўрылюка затрымалі ў пачатку лістапада 2025 года па падазрэнні ў садзейнічанні кантрабандзе цыгарэт у ЕС. Як паведамляла СЧБ, схема заключалася ў тым, што транзітныя кантэйнеры, якія ішлі ў Польшчу, спыняліся на загадзя ўзгодненых станцыях, дзе ў іх загружаліся цыгарэты.
СЧБ адзначае, што калі Гаўрылюк і меў дачыненне да схемы, то самастойна займацца гэтым не мог: для паспяховай аперацыі спатрэбілася б згода непасрэднага кіраўніцтва дыспетчара, кіраўніцтва ЦКП і службы перавозак.
Першапачаткова КДБ затрымліваў Гаўрылюка па артыкулах 430 КК (атрыманне хабару) і 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ ужо тры месяцы, і з ім праводзяцца следчыя дзеянні. Па інфармацыі СЧБ, дадаткова яму прад’яўленыя абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК).
«Па ўсёй бачнасці, у ходзе следства следчыя ўбачылі нейкае супрацоўніцтва Гаўрылюка з асобамі або прадстаўнікамі замежнай дзяржавы (можна меркаваць, што гэта Польшча)», — піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.