Фото: Towfiqu barbhuiya /Unsplash.com
Дынаміка ВУП Беларусі ў сакавіку палепшылася на фоне рыўка спажывецкага попыту. Таксама штуршок беларускай эканоміцы маглі даць геапалітычныя падзеі. Пра гэта гаворыцца ў экспрэс-аналізе працы беларускай эканомікі, апублікаваным экспертамі ініцыятывы MacroBy.
Нагадаем, паводле дадзеных Белстата, у студзені-сакавіку ВУП Беларусі скараціўся на 0,4% пасля 1,2% падзення ў студзені-лютым.
Паводле ацэнкі экспертаў MacroBy, у сакавіку валавы ўнутраны прадукт вырас на 1% у параўнанні з лютым гэтага года. У параўнанні з сакавіком 2025 года аб’ём ВУП вырас прыкладна на 1,1%.
“Галоўнай прычынай паскарэння выпуску стаў рывок спажывецкага попыту, у тым ліку звязаны з рэалізацыяй адкладзенага попыту з-за ўплыву пагодных умоў студзеня-лютага. Рэкордна цёплы сакавік пасля халодных зімовых месяцаў спрыяў аднаўленню будаўніцтва і інвестыцый у цэлым.
Ажыўленне ў пачатку вясны адзначана ў апрацоўчай прамысловасці: вытворцы ўгнаенняў і нафтахіміі атрымалі выгаду ад росту попыту на сваю прадукцыю з-за парушэння суднаходства ў Армузскім праліве”, – гаворыцца ў публікацыі.
Яе аўтары таксама адзначаюць, што ВУП краіны за першы квартал павялічыўся прыкладна на 0,2% у параўнанні з чацвёртым кварталам мінулага года. Такая дынаміка можа ўказваць на стабілізацыю выпуску пасля трох кварталаў яго нязначнага скарачэння.
Перагрэў беларускай эканомікі ў першым квартале працягнуў зніжацца. Ён склаў усяго каля 1% у параўнанні са збалансаваным узроўнем.
“Пры адсутнасці моцных шокаў, паступовым аднаўленні росту ў Расіі і карэкцыі ўнутранай спажывецкай актыўнасці пасля «анамальнага» ўзлёту ў сакавіку назапашаны прырост ВУП Беларусі стане каля нуля ў бліжэйшыя месяцы і будзе рухацца ў напрамку +1% г/г у далейшым. «Астыванне» эканомікі разам з «ахаладжэннем» рынку працы фарміруюць умовы для захавання інфляцыі каля 6% г/г у бягучым годзе”, – лічаць аўтары экспрэс-аналізу.
Яны звяртаюць увагу на першую значную разгрузку складоў на ўзроўні краіны з чэрвеня 2024 года. Зніжэнне запасаў эксперты звязваюць з тым, што вытворцы ўгнаенняў і нафтахіміі атрымалі выгаду ад росту знешняга попыту на сваю прадукцыю ў сувязі з ускладненнем суднаходства ў Армузскім праліве. Акрамя таго, вырас выпуск легкавых аўтамабіляў на фоне росту продажаў на беларускім і расійскім рынках у сакавіку. У іншых галінах прамысловасці захоўвалася слабая дынаміка. У выніку ў першым квартале прамысловая вытворчасць у цэлым працягвала стагнаваць.
“Пералом негатыўнай тэндэнцыі скарачэння выпуску апрацоўчай прамысловасці ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі і адсутнасці свабоднай працоўнай сілы магчымы пры ажыўленні попыту ў Расіі і/або павышэнні прадукцыйнасці працы за кошт інтэнсіфікацыі інвестыцый. Базавы сцэнар прадугледжвае, што эканоміка Расіі пяройдзе да невялікага росту ў II квартале 2026 г. Гэта станоўча адаб’ецца на вытворчасці перапрацоўчых галін. Але без істотнага павелічэння прадукцыйнасці працы іх выпуск у бягучым годзе складзецца ў найлепшым выпадку каля леташняга ўзроўню”, – гаворыцца ў публікацыі.
Яе аўтары таксама звяртаюць увагу на аднаўленне ў сектары інфармацыі і сувязі. Адставанне ад пікаў пачатку 2022 года скарацілася да 10%. IT-сфера працягне аднаўляцца ўмеранымі тэмпамі і можа вырасці больш чым на 5% па выніках года.
Аўтары аналізу чакаюць рост інфляцыі па выніках красавіка з-за перанесенага на сакавік павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Першы раз па новых жыроўках беларусы будуць плаціць у красавіку. Таксама на дынаміку цэн можа аказаць уплыў вайна ЗША і Ізраіля з Іранам праз рост цэн на паліва і павелічэнне лагістычных выдаткаў з-за праблем суднаходства. Аднак эфект будзе абмежаваным, бо Беларусь купляе газ па льготнай цане, з’яўляецца пастаўшчыком угнаенняў на сусветны рынак і нета-экспарцёрам прадуктаў харчавання.
“У цэлым умераная дынаміка інфляцыі ніжэй мэты ў 7% г/г фарміруе ўмовы для невялікага змякчэння манетарнай палітыкі”, – гаворыцца ў дакуменце.