Delfi: Коўл прыедзе ў Вільнюс 18 сакавіка і адправіцца ў Мінск

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл на наступным тыдні прыбудзе ў Вільнюс, а затым адправіцца ў Мінск. Пра гэта паведамляе Delfi са спасылкай на крыніцы.

Паводле даных літоўскага выдання, Коўл прыедзе ў Вільнюс 18 сакавіка, пасля гэтага ён адправіцца ў Мінск.

Папярэднія візіты Коўла ў беларускую сталіцу суправаджаліся аб’явамі пра паслабленне санкцый ЗША ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама вызваленнем палітвязняў, якіх пры гэтым вывозілі з Беларусі.

Нагадаем, у нядзелю Аляксандр Лукашэнка, наведваючы рэстаран хуткага харчавання сеткі Мак.бай, прагаварыўся, што чакае прыезду дэлегацыі з ЗША. Ён нават прапанаваў першаму віцэ-прэм’еру Мікалаю Снапкову звадзіць амерыканскую дэлегацыю ў аб’ект гэтай сеткі, якая працуе замест McDonald’s.

«Ну а цяпер хай амерыканцы прыйдуць і паглядзяць. Вось яны прыедуць да мяне, абавязкова іх прывезці сюды. Скажы, пойдзем у «Макдональдс» і прачытай: «МАК.бай. Беларускае». Беларусы працуюць, беларускае абсталяванне, беларускі прадукт. Ешце», — заявіў Лукашэнка.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!