Дарадца прэзідэнта Літвы: Беларусь захрасла ў абдымках Расіі, але яе не варта скідваць з рахункаў

У сувязі са змякчэннем Злучанымі Штатамі санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што ні Літва, ні партнёры па Еўрасаюзе не атрымлівалі ад адміністрацыі Дональда Трампа ніякага ціску з патрабаваннем перагледзець уласную санкцыйную палітыку ў дачыненні да Мінска.

«Я хачу адказна заявіць, што да гэтага часу не было ніякага, нават найменшага ціску ні на нас, ні на іншых еўрапейскіх партнёраў змяняць палітыку ў дачыненні да Беларусі. Такой размовы не было. І гэта настройвае мяне аптымістычна», — заявіў ён у падкасце politika.lt.

Дарадца адзначыў, што еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі нядаўна былі падоўжаны, і статус-кво захоўваецца. Паводле яго слоў, калі б на фоне паляпшэння амерыкана-беларускіх адносін наступным крокам стаў ціск на еўрапейскіх партнёраў з мэтай змякчэння санкцый, сітуацыя была б значна складанейшай. Пакуль гэтага не адбываецца, Літва адчувае сябе дастаткова спакойна.

Ацэньваючы палітыку адміністрацыі Трампа ў цэлым, Матулёніс назваў яе заснаванай “на нявызначанасці і непрадказальнасці”. Паводле яго слоў, гэта не абавязкова дрэнна, паколькі і праціўнікі не заўсёды могуць дакладна зразумець мэты і магчымыя наступныя крокі амерыканскага боку.

«Амерыканскую палітыку трэба ацэньваць па канкрэтных дзеяннях, а не словах. І пакуль мы не бачым дзеянняў, якія выклікалі б у нас заклапочанасць», — сказаў ён.

Гаворачы пра магчымыя вынікі збліжэння ЗША і Беларусі, дарадца выказаў меркаванне, што галоўным вынікам можа стаць вызваленне ўсіх палітвязняў. Якіх-небудзь больш глыбокіх сістэмных змен ён пакуль не бачыць. Паводле яго слоў, Беларусь па-ранейшаму дапамагае Расіі ў сферы радыёэлектроннай барацьбы, яе ваенная сістэма цалкам інтэгравана ў расійскую, а гібрыдныя атакі супраць суседзяў — метэазонды, затрыманыя грузавікі, інструменталізаваная міграцыя — працягваюцца.

На пытанне пра тое, ці не спрабуюць амерыканцы «перакупіць» Лукашэнку разам з усёй краінай, Матулёніс адказаў ухіліста, прапанаваўшы не выключаць стратэгічнай задумы — стварэння дадатковых дылем для Расіі.

«Я не згодны з тымі, хто кажа, што ўсё загадзя ўзгоднена, і што Лукашэнка перад сустрэчай з амерыканцамі ўзгадняе ўсё з Пуціным. Думаю, усё крыху складаней», — сказаў ён.

Паводле яго меркавання, Лукашэнка, які знаходзіцца пры ўладзе ўжо 32 гады, заўсёды нейкім чынам умеў выходзіць са складаных сітуацый і, магчыма, разлічвае на паляпшэнне адносін з Амерыкай як на дадатковы выратавальны круг.

Матуленіс таксама падкрэсліў, што Літва не гатовая пачынаць палітычныя перамовы з Мінскам.

«Гэта праблемы, створаныя ў Беларусі, і яны павінны іх вырашаць», — сказаў ён, дадаўшы, што тэхнічныя кантакты з беларускім бокам ніхто не спыняў, аднак для палітычнага дыялогу падстаў няма.

Доўгатэрміновы нацыянальны інтарэс Літвы ў дачыненні да Беларусі дарадца сфармуляваў наступным чынам:

“Дэмакратычная, мірная Беларусь і, адпаведна, бяспека з усходу. Гэта, вядома, цяжкадасягальная мэта, але мы павінны быць аптымістамі. Хто ведае, як будзе выглядаць свет. Я ўсё ж такі лічу, што беларускае грамадства адрозніваецца ад расійскага тым, што ў ім значна менш імперскага мыслення”.

“І гэта ўсяляе пэўную надзею. Вядома, гэта вельмі складанае пытанне, бо чым далей, тым глыбей Беларусь пагружаецца ў абдымкі Расіі. Але не варта так лёгка скідваць з рахункаў, бо нават сам рускі народ нельга скідваць з рахункаў на 100 працэнтаў. Невядома, што там будзе праз 100 ці 200 гадоў, а беларусы — тым больш. Яны ўсё роўна прасякнуты духам Вялікага Княства Літоўскага і заходняй цывілізацыі, — дадаў ён. — Усё ж такі Кастусь Каліноўскі — іх герой.

Гэта герой, які казаў, што беларускі народ павінен быць свабодным. Мы нейкім чынам павінны заахвочваць менавіта такія думкі, што ўсё ж гэта ганарлівы народ, варты свабоды, і па сваёй сутнасці еўрапейскі народ. Калі мы будзем казаць, як гэта спрабуе рабіць Расія, што тут нейкі дыялект і што тут тыя ж самыя рускія, то, ігнаруючы беларускі народ, мы самі дапаможам Расіі”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!