Изображение: ГАИ
ДАІ тэстуе новую сістэму бяспекі на ўчастку дарогі Р-53 Слабада – Навасады. Пра новаўвядзенні на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.
Камеры, устаноўленыя на ўчастку, цяпер акрамя перавышэння хуткасці фіксуюць і іншыя парушэнні: адсутнасць тэхагляду, размову па тэлефоне і непрышпілены рэмень.
«Комплексы счытваюць рэгістрацыйны знак, фіксуюць парушэнне, а праз 5 кіламетраў інфармацыйнае табло ўжо паведамляе пра гэта кіроўцу», — патлумачыў Ротчанкаў.
Фіксацыя размоў па тэлефоне і непрышпіленага рамяня пакуль ажыццяўляецца ў тэставым рэжыме. Штрафы за гэта не прызначаюцца. Пра пераход на паўнавартасную эксплуатацыю ДАІ паведаміць асобна.
Таксама ўздоўж дарогі з’явілася светлавая індыкацыя.
“На ўчастку дарогі рэалізавана светлавая індыкацыя ўздоўж дарожнага палатна. Напэўна, найбольш выразна яе відаць у цёмны час сутак. Што яна прадугледжвае? Уздоўж дарожнага агароджання ў нас знаходзіцца святлодыёднае асвятленне, якое сігналізуе кіроўцу. Магчымыя тры колеры індыкацыі. Значыць, зялёнае святло — гэта сітуацыя штатная. Кіроўца можа рухацца, і ніякай небяспекі на яго шляху няма, пры ўмове захавання хуткасці руху, усталяванай на дадзеным участку.
Таксама можа з’яўляцца жоўты колер асвятлення. Значыць, у нас пагаршэнне абстаноўкі ў сувязі з надвор’ем. Гэта значыць, ёсць пэўныя ўсталяваныя сістэмы кантролю надвор’я на праезнай частцы. Напрыклад, туман, дождж, снег — сістэма будзе сігналізаваць жоўтым колерам, дыёднай стужкай уздоўж праезнай часткі з правага боку аб тым, што абстаноўка пагаршаецца, кіроўцу неабходна павысіць увагу ў дадзеных умовах руху. Ну і чырвоны колер святлення — гэта ўжо больш сур’ёзная небяспека. Гэта галалёд, снежны покрыў, водная плёнка альбо наперадзе ўтварыўся затор, ДТЗ. Кіроўцу неабходна быць максімальна ўважлівым”, – патлумачыў Ротчанкаў.
Акрамя таго, табло на дарозе папярэджваюць пра з’яўленне жывёл.