Ціханоўская заклікала не дапускаць падзелу дэмакратычнай супольнасці на прыхільнікаў санкцый і перамоў

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская на слуханнях у Каардынацыйнай радзе заявіла пра недапушчальнасць падзелу дэмакратычнай супольнасці на прыхільнікаў санкцый і перамоў, падкрэсліўшы, што гэтыя падыходы ўзаемазвязаныя.

Паводле яе слоў, супрацьпастаўленне стратэгіі санкцый і стратэгіі перамоў з’яўляецца памылковым.

“Маўляў, ёсць стратэгія «за санкцыі», а ёсць стратэгія «пра перамовы». Мы, у прынцыпе, гаворым адно і тое ж, але крыху рознай мовай. Перамовы не будуць выніковымі без санкцый, а санкцыі не будуць працаваць без перамоў. А калі камусьці здаецца, што Лукашэнка, калі мы здымем санкцыі, раптам стане гуманным і ўсіх павыпускае або пачне нейкія рэформы, то, паверце, гэта вялікая ілюзія, якая толькі замарозіць сітуацыю. І любы крок павінен суправаджацца жорсткімі ўмовамі”, — заявіла палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што агульнай мэтай дэмакратычных сіл застаецца пачатак дыялогу, аднак гэта павінен быць не дыялог Лукашэнкі з Захадам, а дыялог з беларускім народам.

“Як кажуць, нічога пра нас без нас. Толькі такі дыялог будзе мець плён, і мы да такога дыялогу заўсёды гатовыя”, — заявіла яна.

Паводле яе слоў, сумесна з міжнароднымі партнёрамі распрацаваная «дарожная карта», якая не толькі зможа вызваліць людзей, але і “прывесці да сістэмных зменаў”.

“І ў ЗША, і ў Еўрапейскага Саюза тут розныя задачы. У ЗША хапае сілы і інструментаў, каб вызваліць людзей і спыніць рэпрэсіі. Тым больш што Лукашэнку гэтыя кантакты больш патрэбныя, чым Лукашэнка патрэбны амерыканцам. У Еўропы, калі гаварыць пра санкцыі, больш моцныя карты. І не трэба ціснуць на Еўропу, каб яна зняла гэтыя санкцыі зараз. Еўропа спатрэбіцца на наступным этапе. Не трэба Еўропе і пераймаць тактыку прэзідэнта Трампа, асабліва што датычыцца кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, бо эфект можа быць супрацьлеглы”, — адзначыла лідарка дэмсіл.

Кіраўніца АПК таксама заявіла, што вызваленні палітвязняў будуць працягвацца.

“І мы да іх гатовыя”, — запэўніла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!