Конкурс «Dramatyzacyja» абвясціў Open Call для рэжысёраў на перфарматыўныя чыткі

Беларускі конкурс-фестываль сучаснай драматургіі «Dramatyzacyja» пачынае прыём заявак ад рэжысёраў і рэжысёрак з Беларусі і Польшчы. Адбор праводзіцца для падрыхтоўкі перфарматыўных чытак пяці п’ес, якія ўвайшлі ў шорт-ліст фестывалю.

«Dramatyzacyja» — гэта конкурс, створаны незалежным Беларускім інстытутам тэатра для прасоўвання сучаснай беларускай драматургіі. Мэта ініцыятывы — каб сучасныя тэксты былі прачытаны і дасягнулі шырокай аўдыторыі, а голас драматургаў і драматургінь з Беларусі быў пачуты.

Паказ перфарматыўных чытак мусіць пазнаёміць гледачоў з тэкстамі, якія рэфлексуюць над сучаснымі выклікамі, што стаяць перад беларускім грамадствам і мастацтвам.

Што прапануецца канкурсантам?

  • Фестываль забяспечвае пляцоўку ў Варшаве ў дзень правядзення чыткі або напярэдадні для генеральных рэпетыцый.

  • Для кожнай каманды, якая будзе адабраная для рэалізацыі чыткі, прадугледжаны ганарар у памеры 1000 €.
Фестываль не забяспечвае:
  • рэпетыцыйную пляцоўку на перыяд падрыхтоўкі чыткі;
  • аплату праезду да Варшавы;
  • акцёрскі склад для правядзення чытак (рэжысёр/ка фармуе каманду самастойна).

Тэрміны і падача заявак

  •  Заяўкі прымаюцца да 22 лютага на электронную пошту: dramatyzacyja@proton.me.
  • Адабраныя ўдзельнікі атрымаюць п’есы 1 сакавіка.

  • Дата фэсту: мерапрыемства адбудзецца ў канцы сакавіка ці пачатку красавіка. Дакладны час і месца арганізатары абвесцяць пазней.

Падрабязней дазнацца пра конкурс і фестываль можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!