Фото: t.me/CabinetBelarus
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская на слуханнях у Каардынацыйным савеце расказала пра планы на 2026 год.
Паводле слоў Ціханоўскай, яна працягне працу, базуючыся ў Польшчы, пры гэтым офіс у Вільні захавае дзейнасць і дыпламатычную акрэдытацыю. Палітык адзначыла, што яе прысутнасць у Варшаве будзе карыснай як для ўзаемадзеяння з польскімі ўладамі, так і для падтрымкі беларускай дыяспары.
«Мы плануем адкрыць офіс у Варшаве. І, як вы ўжо ведаеце, я працягну сваю працу, базуючыся тут, у Польшчы. Пры гэтым офіс у Вільні працягне дзейнасць і захавае дыпламатычную акрэдытацыю», — сказала палітык.
Ціханоўская паведаміла, што за апошнія дні правяла ў Варшаве сустрэчы з шэрагам беларускіх арганізацый і ініцыятыў, падчас якіх былі ўзгодненыя сумесныя праекты і мерапрыемствы, а таксама сфарміраваны план працы на бліжэйшыя паўгода.
«У гэтым годзе я буду імкнуцца надаваць больш часу непасрэдна беларусам і беларускім ініцыятывам. Я разлічваю, што мая прысутнасць у Варшаве будзе карыснай і для больш шчыльных кантактаў з польскімі ўладамі, і для беларускай дыяспары. Я хачу падкрэсліць, што гэта пашырэнне не пашкодзіць ні нашай працы, ні планам, ні адносінам з нашымі партнёрамі. Наадварот — яно можа ўсё гэта ўзмацніць», — заявіла яна.
Ціханоўская расказала пра падрыхтоўку шэрагу міжнародных мерапрыемстваў і кантактаў, у тым ліку візіт у Кіеў, сустрэчы са структурамі Еўрапейскага саюза і кантактнай групай Савета Еўропы, стратэгічныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй і ЗША ў сакавіку, а таксама правядзенне Канферэнцыі беларусаў свету, Кангрэсаў у падтрымку палітвязняў, сустрэчу Міжпарламенцкага альянсу ў Лондане і канферэнцыю, прысвечаную моладзі, са Швецыяй.