Коллаж: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская заявіла, што дэфіцыт паліва ў Расіі можа мець наступствы і для Беларусі. Яна адзначыла, што ў апошнія дні ў сацыяльных сетках распаўсюджваюцца кадры з расійскіх аўтазаправачных станцый, дзе кіроўцы стаяць у чэргах у пошуках паліва, а цяпер чэргі з расійскіх аўтамабілістаў з’явіліся і на беларуска-расійскай мяжы.
«Расійскія кіроўцы ўжо гадзінамі стаяць не толькі на асноўным пераходзе Мінск — Масква, але нават на другарадных дарогах — многія едуць у Беларусь у тым ліку па паліва, бо за Смаленскам ужо знікае бензін АІ-95. Дэфіцыт паліва ў Расіі — гэта прамы вынік агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — падкрэсліла лідарка дэмсіл.
Яна адзначыла, што павелічэнне вывазу паліва ў Расію можа прывесці да яго недахопу ўжо ў самой Беларусі.
«Пытанне толькі ў тым, як доўга гэта можа працягвацца без наступстваў для саміх беларусаў. Бо паліва, якое сёння вывозіцца за мяжу, заўтра можа стаць дэфіцытам ужо на нашых АЗС. Калі дзяржава ўсё глыбей звязвае сябе з чужой вайной, наступствы прыходзяць у звычайнае жыццё: уплываюць на цэны ў крамах, пастаўкі прадукцыі і работу прадпрыемстваў, сельскую гаспадарку і, галоўнае, — спакой людзей», — заявіла яна.
«Беларускае паліва не павінна вырашаць праблемы, якія Крэмль стварыў сваёй вайной. Калі рэжым павялічвае пастаўкі паліва ў Расію, яго, відавочна, цікавіць выключна абслугоўванне агрэсара, а не дабрабыт ці бяспека беларусаў. І кожны такі крок робіць Беларусь больш уразлівай эканамічна, палітычна і з пункту гледжання бяспекі», — падкрэсліла палітык.