Изображение: Reform.news
Святлана Ціханоўская не чакае значнага паляпшэння адносін Польшчы і еўрапейскіх краін з Лукашэнкам пасля вызвалення Анджэя Пачобута. Пра гэта яна заявіла, адказваючы на пытанні журналістаў на палях Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету.
“Па-першае, я павінна сказаць, што з 2020 года мы працуем з нашымі амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі над вызваленнем палітзняволеных. Таму мы абмяркоўвалі шмат трэкаў, як гэта можна было б зрабіць. І без каардынацыі і камунікацыі з нашымі партнёрамі, магчыма, пра гэтых зняволеных ужо бы забыліся. Ведаеце, выпадак абменам Пачобута — гэта крыху іншы трэк, таму што гэта быў не звычайны гуманітарны трэк, якія мы робім, якія робяць нашы амерыканскія партнёры. Гэта быў, ведаеце, абмен спецслужбаў, але мы ўдзячныя, таму што Анджэй пакутаваў у турме”, – сказала яна (перакладзена з англійскай).
Ціханоўская дадала, што яна мае намер сустрэцца з былым палітвязнем. Адказваючы на пытанне пра магчымасць пацяплення адносін паміж Варшавай і Мінскам, яна паставіла гэта пад сумнеў, спаслаўшыся на заявы польскіх афіцыйных асоб.
“Сёння я пачула такую заяву ад аднаго з польскіх чыноўнікаў, што раней адносіны з Лукашэнкам былі мінус 20, цяпер мінус 15, таму мы ўсе разумеем, што сітуацыя не змянілася. Што людзей працягваюць затрымліваць у Беларусі, і Лукашэнка пагражае і шантажуе нашых суседзяў.
Такім чынам, гэта не новы ўзровень адносін. Мяч на баку Лукашэнкі. Ёсць выразныя патрабаванні ад нашых еўрапейскіх партнёраў і ад Польшчы: спыніць рэпрэсіі, спыніць затрыманні людзей, спыніць транснацыянальныя рэпрэсіі, таму што людзі знаходзяцца пад пагрозай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Таму гэта крок з боку рэжыму Лукашэнкі, каб проста паказаць, што ён гатовы нешта зрабіць для паляпшэння адносін. Зараз мы гэтага не бачым у перспектыве”, – дадала яна.
У яе таксама спыталі, ці можа бягучы энергетычны крызіс паўплываць на палітыку ЕС. Паводле слоў Ціханоўскай, чуткі пра тое, што тая ці іншая еўрапейская краіна пачынае інакш глядзець у бок Мінска, у размовах з палітыкамі і афіцыйнымі асобамі не пацвярджаюцца.
“Я чула плёткі, што адна краіна ўжо задумваецца пра паляпшэнне адносін, іншыя. Але калі мы наўпрост размаўляем з міністэрствамі гэтых краінаў – я зараз вярнулася з камандзіроўкі, размаўляла з работнікамі міністэрстваў Германіі і Францыі, то-бок гэтыя краіны, якія больш за ўсё звычайна абмяркоўваюцца – то-бок там няма ніякага намеру мяняць сваю палітыку.
І я разумею, што гэта ўсё гульні рэжыму, каб заканфузіць, і каб было нам незразумела, што адбываецца, і каб адчуваць, не ведаю, нейкую здраду з боку нашых еўрапейскіх партнёраў. Канешне, энергетычны крызіс можа мець сваё месца, але ж гэта больш не ў дачыненні да Беларусі, гэта ўсё-такі больш геапалітычны кантэкст Расіі. І, канешне, мы разумеем, што Беларусь – закладніца гэтага больш шырокага геапалітычнага кантэксту. Але ж наша праца – рабіць усё магчымае, каб не змянілася стаўленне да рэжыму, пакуль не адбудуцца сапраўдныя змены”, – адказала яна.