Фото: t.me/Klymenko_MVS
Святлана Ціханоўская адрэагавала на масіраваную атаку Расіі па Украіне ў ноч на 24 мая. Палітык назвала ўдар «чарговай злачыннай атакай супраць мірнага насельніцтва» і заявіла, што агрэсар не спыніцца сам.
Ціханоўская таксама ўсклала частку адказнасці на Аляксандра Лукашэнку, адзначыўшы, што яго рэжым дае расійскай арміі беларускую тэрыторыю і размяшчае на ёй расійскую зброю, у тым ліку ракеты «Арэшнік».
«Нельга мірыцца з тым, што ў суседняй краіне зноў і зноў абстрэльваюць гарады, разбураюць дамы, забіваюць людзей у іх уласных кватэрах. Кожны такі ўдар — гэта чарговае пацвярджэнне: агрэсар не спыніцца сам. Яго можна спыніць толькі адзінствам і рашучасцю міжнароднай супольнасці. Гэта не вайна ў звычайным сэнсе — гэта сістэмны, злачынны тэрор супраць мірнага насельніцтва. І гэты тэрор падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі, які дае расійскай арміі нашу тэрыторыю і размяшчае на ёй расійскую зброю, у тым ліку ракеты «Арэшнік», — заявіла яна.
Лідар дэмсіл падкрэсліла, што беларусы падтрымліваюць Украіну.
«Мы заўсёды будзем на баку людзей, якія абараняюць свае дамы, свае сем’і, сваю свабоду. Мы ведаем, як гэта — жыць побач з агрэсарам, які не прызнае ні межаў, ні чалавечага жыцця.
Мы захапляемся мужнасцю ўкраінцаў. Тым, як вы трымаецеся пасля кожнага ўдару. Як ратавальнікі і медыкі працуюць пад абстрэламі. Як звычайныя людзі дапамагаюць адно аднаму, нягледзячы ні на што. Гэта — сіла, якую немагчыма зламаць ракетамі. Мы салідарныя з вамі і верым у вашу перамогу. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — дадала яна.