Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму. 9 верасня яго прыгаварылі да трох гадоў калоніі па артыкулах аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыі Беларусі» за каментары незалежным беларускім СМІ.
«Дзмітрый — неверагодна мужны чалавек і прафесійны адвакат. Яшчэ ў 2011–2012 гадах ён абараняў Алеся Бяляцкага — і ўжо тады сілавікі аказвалі на яго такі ціск, што яму давялося на некалькі гадоў прыпыніць адвакацкую дзейнасць. А ў 2020 годзе ён не пабаяўся стаць абаронцам тых, каго рэжым лічыў аднымі з «самых небяспечных», — Віктара Бабарыкі і Максіма Знака», — заявіла Ціханоўская.
Ціханоўская падкрэсліла, што Лаеўскі заўсёды дзейнічаў строга паводле закона, і выказала падтрымку яго сям’і.
«Ён прынцыпова застаўся дома, у Беларусі, таму што гэта яго краіна. Дзмітрый заўсёды дзейнічаў строга паводле закона, да апошняй літары, — але ў сучаснай Беларусі закон, на жаль, больш нічога не значыць для тых, хто захоплівае ўладу.
Я хачу ад усяго сэрца падтрымаць Дзмітрыя і яго сям’ю. Пра гэты прысуд мы абавязкова паведамім нашым міжнародным партнёрам. Не павінна быць так, каб адны людзі выходзілі на волю, а іншых на іх месца бралі ў закладнікі», — сказала Ціханоўская.
