Ціханоўская плануе абмеркаваць будучыню Беларусі, палітвязняў і рэгіянальную бяспеку на форуме ў Давосе

Святлана Ціханоўская ў чацвёрты раз возьме ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які адбудзецца 19–23 студзеня.

«Сёлета ажыятаж і зацікаўленасць асабліва вялікія, паколькі ў Форуме возьме ўдзел прэзідэнт ЗША Дональд Трамп — гэта будзе першы візіт дзеючага прэзідэнта ЗША на форум за апошнія два дзесяцігоддзі, з часоў прэзідэнцтва Біла Клінтана», — адзначыў дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Ціханоўская плануе ўзняць тры галоўныя тэмы: будучыню Беларусі, рэгіянальную бяспеку і палітвязняў.

Лідарка беларускіх дэмсіл будзе абмяркоўваць эканамічнае аднаўленне Беларусі пасля перамен.

«Наш план — шлях кіраванай трансфармацыі: паслядоўныя крокі па аднаўленні справядлівасці ўнутры краіны і эканамічны блок — запуск рэформаў, падрыхтаваных дэмакратычнымі сіламі, каб пасля перамен Беларусь магла хутка стабілізавацца і вярнуцца да росту», — паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Ціханоўская падкрэслівае, што беларускі народ і рэжым — розныя рэчы, і тэрыторыя Беларусі не павінна быць інструментам пагроз.

«Трэцяя тэма — палітычныя зняволеныя і спыненне рэпрэсій. Вызваленні, якія адбыліся, важныя, але, на жаль, яны не вырашаюць глабальную праблему: у турмах застаюцца сотні людзей, і сістэма рэпрэсій працягвае працаваць», — заяўляе Офіс Ціханоўскай.

Таксама плануецца абмеркаваць магчымы дыялог з рэжымам і круглы стол.

«Мы прапануем фармат «круглага стала» як механізм кіраванай трансфармацыі, у якім ёсць паслядоўнасць крокаў і адказнасць за вынік. Гэта не пра «прымірэнне любой цаной» і не пра капітуляцыю. Гэта пра тое, каб спыніць разбурэнне краіны і пачаць аднаўленне.

Рэжым часта выкарыстоўвае слова «дыялог» як тэхніку зацягвання часу і зняцця з сябе ціску.

Мы ў Давосе будзем пра гэта гаварыць практычна: міжнародная супольнасць павінна адрозніваць вынікі ад імітацыі працэсу. Калі гаворка ідзе пра Беларусь, важна падтрымліваць дыялог з беларусамі», — заяўляе Офіс.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!