Румен Радев. Фото: x.com/PresidentOfBg
Прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў абвясціў у вячэрнім звароце, што падасць у адстаўку заўтра, 20 студзеня, паведамляе vesti.bg.
Радзеў назваў дзейную віцэ-прэзідэнтку Іліяну Ётаву сваёй годнай заменай на пасадзе прэзідэнта.
«Наша дэмакратыя не выжыве, калі мы пакінем яе ў руках карупцыянераў і экстрэмістаў. Ваш давер абавязвае мяне абараняць інстытуты», — заявіў ён.
Радзеў раскрытыкаваў цяперашнюю сістэму кіравання ў Балгарыі, назваўшы яе алігархічнай.
«Балгарская палітыка ажыццяўляецца па-за інстытутамі. Лялькаводы не саромеюцца перад камерамі даваць дырэктывы Народнаму сходу. Яны гавораць ад імя ўрада ў прысутнасці прэм’ер-міністра.
Яны захопліваюць партыі, банкі, бізнесы і СМІ. Выкарыстоўваюць уладу як дубінку супраць сваіх палітычных апанентаў. У гэтай сістэме дыскрэдытаваныя палітыкі, пазначаныя як карупцыянеры на міжнародным узроўні, і іх паплечнікі гандлююць нацыянальнымі інтарэсамі, каб зарабіць сабе індульгенцыю», — заявіў Радзеў.
У снежні ўрад Балгарыі падаў у адстаўку на фоне пратэстаў супраць карупцыі і спрэчнага праекта бюджэту на 2026 год. 16 студзеня Радзеў абвясціў аб правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў у краіне пасля таго, як парламент у трэці раз не змог сфарміраваць новы ўрад.
Адстаўка дазволіць Радзеву ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах у якасці лідара новай палітычнай сілы.
Радзеў быў абраны прэзідэнтам у 2017 годзе. У 2021 годзе быў пераабраны на другі тэрмін.