Ціханоўская: Пакуль у беларускім небе лётаюць расійскія ваенныя беспілотнікі, яго нельга назваць мірным

Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра палёт беспілотніка ў небе над Гомелем і заявіла, што ў такіх умовах краіну нельга называць мірнай. Паводле яе слоў, кожная такая прылада патэнцыйна ўяўляе небяспеку.

“Прапаганда працягвае сцвярджаць, што Лукашэнка «захаваў мір у краіне». Тым часам у беларускім небе праляцеў чарговы беспілотнік. Пакуль у беларускім небе лётаюць расійскія ваенныя беспілотнікі, яго нельга назваць мірным, бо кожны з іх можа ўпасці, не даляцеўшы, як гэта ўжо здаралася. Відавочна, што рэжым ужо не ў першы раз ставіць пад пагрозу самае каштоўнае — жыцці людзей”, – заявіла палітык.

Яна падкрэсліла, што рашэнні аб ваеннай інтэграцыі з Расіяй прымаюцца без удзелу грамадства. На яе думку, без палітычных змен немагчыма вярнуць краіне «па-сапраўднаму мірнае неба».

“Пакуль Лукашэнка лётае да Пуціна, расійская агрэсія навісае над галовамі нашых дзяцей і бацькоў. Яны скралі наша мірнае неба і выкарыстоўваюць яго ў вайне супраць Украіны. Але гэта не выбар беларусаў. Мы супраць вайны. Усе рашэнні аб ваеннай інтэграцыі прымаюцца адным чалавекам. І без палітычных змен вярнуць па-сапраўднаму мірнае неба немагчыма”, – дадала лідар дэмсіл.

Нагадаем, раніцай 26 лютага жыхары Гомеля паведамлялі пра падобны на «Шахед» беспілотнік, які бачылі ў розных раёнах горада.

Гомельскія ўлады ніяк не каментавалі інцыдэнт. Неафіцыйны тэлеграм-канал гомельскіх ідэолагаў пагражаў крымінальнай адказнасцю за фота і відэа беспілотнікаў і ваеннай тэхнікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!