Гродзенца абвінавачваюць у арганізацыі «ценявога таксапарка»

У дачыненні да 47-гадовага прадпрымальніка з Гродна, які аказваў паслугі таксі, распачалі крымінальныя справы. Паводле версіі следства, ён ухіляўся ад выплаты падаткаў і абавязковых страхавых узносаў, а таксама выкарыстоўваў неафіцыйнае працаўладкаванне работнікаў.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, мужчына арганізаваў таксапарк у 2021 годзе і за час дзейнасці прыцягнуў да працы 288 чалавек, аднак афіцыйныя працоўныя дамовы былі заключаны толькі з 50 з іх. Астатнім заробак выплачваўся наяўнымі без адлюстравання ў бухгалтарскай дакументацыі.

Сцвярджаецца, што прадпрымальнік наўмысна заніжаў колькасць супрацоўнікаў у справаздачнасці, дзякуючы чаму незаконна ўжываў спрошчаную сістэму падаткаабкладання і не пералічваў абавязковыя страхавыя ўзносы. Такім чынам, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва не было выплачана больш за 236 тысяч рублёў, а сума нявыплачаных падаткаў перавысіла 164 тысячы рублёў. Акрамя таго, двое кіроўцаў не мелі неабходнага стажу і працавалі праз чужыя акаўнты ў сэрвісе «Яндэкс.Таксі».

На маёмасць прадпрымальніка накладзены арышт на суму больш за 105 тысяч рублёў. Ён пакрыў шкоду ў памеры 30 тысяч рублёў.

У дачыненні да мужчыны распачаты крымінальныя справы паводле артыкулаў аб ухіленні ад выплаты падаткаў і страхавых узносаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным і асабліва буйным памерах. Расследаванне працягваецца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!