Ціханоўская наведала ЧАЭС

Святлана Ціханоўская у межах візіту ва Украіну наведала Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць. Пра гэта паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

Яна падкрэсліла, што сёння памяць пра Чарнобыль мае асаблівае значэнне на фоне расійскай агрэсіі, акупацыі Чарнобыльскай зоны ў першыя дні поўнамаштабнай вайны і ядзернага шантажу, у тым ліку праз размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.

«Пабачыць на ўласныя вочы Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць — вельмі цяжкі і эмацыйны досвед. Пустыя вуліцах Прыпяці, пакінутыя дамы, школы, дзіцячыя цацкі — усё гэта ціхі напамін аб тым, як хутка можа абарвацца звычайнае спакойнае жыццё. Як адна катастрофа можа пакінуць рану на дзесяцігоддзі.

Для беларусаў гэта не чужая трагедыя, а наш агульны боль. Як і многія беларускія дзеці я таксама — дзіця Чарнобыля. Мы ўдзельнічалі ў чарнобыльскіх аздараўленчых праграмах, дзякуючы якім нас прымалі сем’і ў розных краінах і дапамагалі аднавіць здароўе. Я ніколі не забуду гэтай салідарнасці і дапамогі.

У Прыпяці і Чарнобылі асабліва востра адчуваеш, як важна абараняць мір, свабоду і чалавечае жыццё. І як небяспечна, калі ўлада знаходзіцца ў руках людзей, для якіх няма ні межаў, ні маралі, ні адказнасці.

Сёння, калі Расія вядзе вайну супраць Украіны і выкарыстоўвае ядзерны шантаж як інструмент ціску, памяць пра Чарнобыль зноў нагадвае нам, наколькі небяспечнымі могуць быць хлусня, маўчанне і абыякавасць да лёсу людзей. Беларусы ведаюць цану такой катастрофы, і нашая краіна не павінна быць часткай ядзерных пагроз ці агрэсіі.

Я веру, што Беларусь і Украіна будуць разам будаваць будучыню без вайны, дыктатуры ядзерных пагроз», — заявіла Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!