Ціханоўская: Калі Лукашэнка хоча міру, ён павінен даказаць гэта дзеяннямі

Святлана Ціханоўская заявіла, што беларускія дэмсілы сур’ёзна ставяцца да заяў Украіны пра ўцягванне Беларусі ў вайну, і заклікала рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць агрэсію.

«Мы сур’ёзна ставімся да ўсіх сігналаў, якія паступаюць ад украінскага боку адносна ўцягвання Беларусі ў вайну і бяспекі ў рэгіёне. Украіна мае ўсе падставы захоўваць пільнасць: менавіта з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе пачалося расійскае ўварванне, і сёння рэжым Лукашэнкі працягвае падтрымліваць расійскую агрэсію», — заявіла Ціханоўская.

Яна нагадала, што на гэтым тыдні Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне правяла круглы стол у Кіеве, на якім украінскаму боку была прадстаўлена інфармацыя пра мілітарызацыю Беларусі і планы Расіі па далейшым уцягванні нашай краіны ў вайну.

«Гэтыя пагрозы нельга ігнараваць або недаацэньваць — да іх неабходна ставіцца з усёй сур’ёзнасцю», — адзначыла Ціханоўская.

На думку Ціханоўскай, Кіеў размаўляе з Лукашэнкам мовай сілы, паколькі менавіта яе той разумее лепш за ўсё.

«Лукашэнка павінен усвядоміць: уся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім.

Сёння рэжым Лукашэнкі застаецца саўдзельнікам агрэсіі. Ён прадастаўляе тэрыторыю і інфраструктуру, дапамагаючы Расіі наносіць удары па ўкраінскіх гарадах, пастаўляе Расіі зброю, паліва і абсталяванне для расійскай вайсковай машыны.

Калі Лукашэнка сапраўды хоча міру, ён павінен даказаць гэта не словамі, а канкрэтнымі дзеяннямі: спыніць любую падтрымку агрэсіі», — заявіла Ціханоўская.

Лідарка беларускіх дэмсіл заклікала беларусаў не даць уцягнуць сябе ў вайну і не верыць прапагандзе.

«Я ведаю, што беларусы супраць вайны. Таму звяртаюся да кожнага з вас: беражыце сябе і не дазваляйце ўцягнуць сябе ў чужую вайну. Не паддавайцеся прапагандзе, не верце навязаным страхам і варожасці. Не станавіцеся інструментам у чужых імперскіх амбіцыях — бо гэта не наш выбар.

Наша агульная задача — не дапусціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнута ў вайну. Гэта перш за ўсё адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны», — заявіла яна.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі сёння даў Лукашэнку тыдзень на дэмантаж абсталявання на тэрыторыі Беларусі, якое выкарыстоўваецца для навядзення расійскіх дронаў для ўдараў па Украіне. Ён таксама заклікаў рэжым Лукашэнкі спыніць пастаўкі паліва для расійскай арміі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!