Фото: Генпрокуратура
Суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў 56-гадовага мужчыну да 8 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 22 500 рублёў. Ён прызнаны вінаватым у крадзяжы сродкаў з банкаўскіх карт.
Згодна з матэрыяламі справы, з мая па снежань 2024 года ён прымаў на рахункі падкантрольных яму арганізацый сродкі з карт замежнікаў, рэквізіты якіх былі раней скампраметаваныя. Затым ён абнаяўліваў сродкі і перадаваў іх іншым удзельнікам схемы, паведамляе пракуратура Мінска.
Пацярпелыя не ведалі, што даныя іх карт былі скампраметаваныя, і пераводзілі грошы за куплю тавараў праз інтэрнэт. Грошы пералічваліся на рахункі абвінавачанага.
Такім чынам мінчанін выкраў больш за 500 тысяч рублёў. Пацярпелі грамадзяне больш як 30 дзяржаў. Мужчына дагэтуль не пакрыў шкоду.
Суд прызнаў мінчаніна вінаватым паводле ч. 4 арт. 212 КК. Акрамя тэрміну і штрафу, яму забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў. У даход дзяржавы з абвінавачанага спагнана больш за 520 тысяч рублёў.