Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца з візітам у Бруселі, выступіла на пленарнай сесіі Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта, прысвечанай устойлівасці ўсходніх прыгранічных рэгіёнаў Еўрапейскага саюза.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намесніца міністра фінансаў Літвы Нярынга Рынкявічютэ-Лаўрынайтэнэ і намеснік генеральнага дырэктара Еўрапейскай камісіі па рэгіянальнай і гарадской палітыцы Угу Сабрал.
Удзельнікі абмеркавалі пытанні ўмацавання бяспекі, устойлівасці і развіцця краін на ўсходняй мяжы ЕС. У сваім выступленні Ціханоўская заявіла, што беларусы на працягу многіх гадоў змагаюцца за каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрапейскі саюз.
Паводле яе слоў, улады Беларусі мэтанакіравана ізалююць грамадзян краіны ад Еўропы, знішчаюць незалежныя інстытуты і пераследуюць усё, што спрыяе ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці.
Ціханоўская заклікала захоўваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі да правядзення рэальных сістэмных зменаў, а таксама падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ, культурныя і адукацыйныя ініцыятывы.
Яна таксама прапанавала паглыбіць супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўрапейскім эканамічным і сацыяльным камітэтам для падрыхтоўкі будучых рэформаў і еўрапейскай інтэграцыі краіны.
«Ізалюючы дыктатараў, мы павінны інвеставаць у людзей і іх еўрапейскія імкненні. Чым мацнейшая грамадзянская супольнасць, тым слабейшая дыктатура», — заявіла лідарка дэмсіл.
Яна заклікала пашыраць падтрымку беларускай культуры, мовы і ідэнтычнасці праз выставы, культурныя мерапрыемствы, адукацыйныя праграмы і абмены, а таксама сумесна працаваць над ініцыятывамі ў падтрымку палітвязняў, незалежных журналістаў, правоў работнікаў і супрацьдзеяння дэзінфармацыі.