Беларусь у АБСЕ заклікала аднавіць ваенныя камунікацыі аж да тактычнага ўзроўню

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта выступіў 17 чэрвеня на пленарнай сесіі Штогадовай канферэнцыі АБСЕ па аглядзе праблем у галіне бяспекі ў Вене.

У сваім выступленні дыпламат заклікаў аднавіць ваенныя кантакты і камунікацыі. Паводле яго слоў, іх спыненне рэзка павысіла рызыку “памылак, небяспечных інцыдэнтаў” і няправільнага ўспрымання. Ён заклікаў вярнуцца да механізмаў празрыстасці на любым прымальным узроўні, аж да тактычнага ўзаемадзеяння ў прыгранічных раёнах.

“Трэба аднавіць кантакты і камунікацыі па ваеннай лініі: з-за іх спынення рэзка ўзрасла рызыка памылак, небяспечных інцыдэнтаў, няправільнага ўспрымання і памылковых высноў. Неабходна вяртацца да механізмаў празрыстасці і кантактаў на любым прымальным узроўні аж да тактычнага ўзаемадзеяння ў прыгранічных раёнах. Мы павінны пераканаць адзін аднаго ў тым, што ніхто не збіраецца нападаць адзін на аднаго. Мы павінны нанова навучыцца чуць адзін аднаго. Прынцып роўнай і непадзельнай бяспекі павінен быць не проста лозунгам. Пад ім павінна быць надзейная аперацыйная аснова, і менавіта на яе стварэнне павінны быць накіраваны нашы намаганні ў АБСЕ”, — заявіў ён.

Сакрэта заклікаў да прафесійнага дыялогу без папярэдніх умоў, заявіўшы, што альтэрнатывай дыялогу стане “татальны канфлікт”.

“Нашым народам не патрэбныя новыя тэатры баявых дзеянняў або франты. Нашым народам патрэбныя бяспека, развіццё і нармальнае жыццё. Мы не збіраемся ваяваць з суседзямі. Нам не патрэбныя чужыя тэрыторыі. Нам не патрэбныя канфлікты. Беларусь не хоча вайны.

Мінулая вайна страшным крывавым катком прайшлася па маёй Радзіме. Беларусы не прымаюць вайну як ніякі іншы народ, таму што не па чутках ведаюць цану міру. Мы хочам супрацоўнічаць. Мы хочам будаваць дарогі, прадпрыемствы і лагістычныя маршруты. Мы хочам бачыць вакол сябе прадказальных і заможных суседзяў”, — прыводзіць яго словы прэс-служба беларускага МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!