Фото: Офис Тихановской
Беларусь не павінна быць пагрозай для сваіх суседзяў або прыладай імперскай агрэсіі. Так Святлана Ціханоўская пракаментавала сённяшні інцыдэнт з беспілотнікам і абвяшчэннем паветранай трывогі ў Літве.
“Сёння мае думкі з усімі жыхарамі Вільнюса, якія былі вымушаныя шукаць сховішча з-за папярэджання пра беспілотнік. Гэта не тая будучыня, якую мы хочам для Еўропы.
Літва мне вельмі дарагая, як і многім беларусам, якія знайшлі там бяспеку, салідарнасць і сяброўства.
Беларусь не павінна быць пагрозай для сваіх суседзяў або прыладай імперскай агрэсіі. Яна павінна быць свабоднай, суверэннай і крыніцай бяспекі для Еўропы”, — напісала Ціханоўская ў Х.
Нагадаем, сёння ў Літве з-за беспілотніка была абвешчана паветраная трывога. Папярэджанне ў Вільнюсе мела чырвоны ўзровень, які патрабуе прайсці ў сховішча. Работа віленскага аэрапорта была прыпынена.
Пазней трывогу адмянілі пасля таго, як аб’ект знік з радараў. Пакуль невядома, ці ўпаў беспілотнік, ці паляцеў далей. Таксама няма інфармацыі пра тып беспілотніка: баявы або імітатар. Сігнал на радарах знік у раёне населенага пункта Мяркіне, недалёка ад Друскенікаў. Аднак мясцовыя ўлады не атрымлівалі паведамленняў пра БПЛА.