Члены Савета міру ў Вашынгтоне абвесцяць пра 5 млрд долараў дапамогі Газе. Лукашэнка не паехаў

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызнаўся, што 19 лютага ў Вашынгтоне члены Савета міру абвесцяць пра выдзяленне больш за 5 млрд долараў на гуманітарныя і аднаўленчыя намаганні ў Газе. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу ў сацсетцы Truth Social.

“Савет міру валодае неабмежаваным патэнцыялам. У кастрычніку мінулага года я прадставіў План па канчатковым спыненні канфлікту ў Газе, і наша Бачанне было аднагалосна прынята Саветам Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Неўзабаве пасля гэтага мы забяспечылі дастаўку гуманітарнай дапамогі ў рэкордныя тэрміны і дабіліся вызвалення ўсіх жывых і загінулых закладнікаў.

Літаральна ў мінулым месяцы два дзясяткі выбітных членаў-заснавальнікаў далучыліся да мяне ў Давосе, Швейцарыя, каб адзначыць яго афіцыйнае заснаванне і прадставіць смелае Бачанне для мірных жыхароў Газы, а затым, у канчатковым выніку, далёка за межамі Газы — СУСВЕТНЫ МІР!

19 лютага 2026 года да мяне зноў далучацца члены Савета міру ў Інстытуце міру Дональда Дж. Трампа ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, дзе мы абвесцім, што дзяржавы-ўдзельніцы абавязаліся выдзеліць больш за 5 МІЛЬЯРДАЎ ДОЛАРАЎ на гуманітарныя і аднаўленчыя намаганні ў Газе, а таксама накіраваць тысячы супрацоўнікаў у Міжнародныя сілы стабілізацыі і мясцовую паліцыю для падтрымання бяспекі і міру для жыхароў Газы.

Што вельмі важна, ХАМАС павінен выканаць сваё абавязацельства па поўнай і неадкладнай дэмілітарызацыі. Савет міру стане самым значным міжнародным органам у гісторыі, і для мяне вялікі гонар служыць яго старшынёй”, – напісаў Трамп.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка не паедзе на першую сустрэчу Савета міру. Пра гэта заявіла яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант 11 лютага. Яна патлумачыла адсутнасць Лукашэнкі пытаннямі, якія немагчыма адкласці, а таксама лагістычнымі цяжкасцямі, звязанымі з санкцыямі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!