Фото: Facebook Дмитрия Куделевича
Чэшскі суд 21 жніўня разгледзеў апеляцыю на адмову ў міжнароднай абароне 23-гадоваму беларусу Якаву Кудзялевічу і вынес рашэнне на карысць маладога чалавека. Пра гэта ў Facebook паведаміў яго бацька Дзмітрый Кудзялевіч.
«Рашэнне на нашу карысць! Наглядны прыклад, як незалежна адна ад адной працуюць дзве галіны ўлады – судовая і выканаўчая», – напісаў Кудзялевіч.
Ён падзякаваў арганізацыям, праваабаронцам, юрыстам і ўсім, хто падтрымліваў сям’ю падчас чатырохмесячнага разбору.
“Дзякуй за кожны ліст, за кожнае хадайніцтва, за кожнае паручыцельства! За матэрыяльны ўклад, за параду і за рэкамендацыю!” – дадаў ён, адзначыўшы Офіс Святланы Ціханоўскай, Bělaruské studentstvo ČR z.s, Каардынацыйную раду, Фонд “Самостійна Ўкраіна”, Фонд “Democracy Angels”, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне, Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Італіі, фонд BYSOL, фонд медыцынскай салідарнасці BYMEDSOL і медыяпраект “Белыя халаты”, адваката Аляксандра Ціханава, урача-рэаніматолага, загадчыка аддзялення NIP Сяргея Юрчанку, юрыста Альвіну Мінгазаву.
Якаў Кудзілевіч пакінуў Беларусь у 17 гадоў пасля пратэстаў 2020 года. Ён некалькі гадоў вучыўся ў Чэхіі, аднак пазней сутыкнуўся з праблемамі легалізацыі і падаў заяву на міжнародную абарону. Якаў і яго бацька раней удзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі першапачаткова адмовіла маладому чалавеку ў прадастаўленні абароны, пасля чаго рашэнне было абскарджана ў судзе.
Гісторыя Якава атрымала шырокую агалоску пасля таго, як у пачатку красавіка яго знайшлі без прытомнасці ў пакоі прыёмнага цэнтра для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле слоў урачоў, малады чалавек прыняў некалькі медыцынскіх прэпаратаў і каля сутак знаходзіўся без прытомнасці. Яго даставілі ў бальніцу, дзе ён правёў 73 дні ў коме. Пазней Якаў прыйшоў у сябе. Бацька раней казаў, што на стан сына паўплывалі асабістыя абставіны, праблемы з легалізацыяй і страх вяртання ў Беларусь.