BYSOL заклікае падтрымаць зборы для беларускіх добраахвотнікаў у гадавіну поўнамаштабнага ўварвання

BYSOL заклікае падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў у гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. На сайце даступныя тры персанальныя зборы для беларускіх воінаў, сумы якіх вар’іруюцца ад 550 да 2200 еўра.

Адзін са збораў – для байца з пазыўным Казак, які вывозіў параненых з перадавой. Пасля цяжкай траўмы і аперацыі ён застаўся без даходу. Неабходна сабраць 550 еўра на рэабілітацыю і падтрымку сям’і на 4–6 тыдняў.

Другі збор прызначаны для беларуса, які з пачатку ўварвання абараняў Украіну і пазней вярнуўся на фронт у якасці аператара БПЛА. Збор сродкаў патрэбны для камплектавання экіпіроўкі.

Трэці збор арганізаваны для добраахвотніка з пазыўным Янот, інструктара тактычнай падрыхтоўкі ў складзе УСУ, які рыхтуе навабранцаў да баявых дзеянняў. Грошы пойдуць на генератар, зарадную станцыю і абаграванне для заняткаў без ацяплення і электрычнасці.

“Зборы для добраахвотнікаў жыццёва важныя. Літаральна. Бо часта ад іх залежыць жыццё чалавека, здароўе. Мы жадаем перамогі Украіне і хочам, каб нашы воіны захавалі свае жыцці, змаглі пасля заканчэння вайны вярнуцца да сем’яў і да грамадзянскага жыцця. Таксама гэта наш агульны ўнёсак у абарону Украіны”, – падкрэсліла прадстаўніца BYSOL ва Украіне Маша Анімія.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання больш за 1,5 тысячы беларусаў прайшлі праз шэрагі ВСУ і баявыя дзеянні. Сярод іх — удзельнікі пратэстаў і людзі, якія падвергліся палітычнаму пераследу ў Беларусі. Беларускія добраахвотнікі застаюцца найбуйнейшай групай замежных байцоў з Еўропы ва ўкраінскай арміі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!