Былы актывіст «Маладога фронту» Яўген Скачко чакае этапавання ў калонію. У яго праблемы са здароўем

Былога актывіста «Маладога фронту» Яўгена Скачко, асуджанага на 3 гады зняволення, перавядуць з гомельскага СІЗА ў калонію, аднак у якую — пакуль невядома. Пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя палітвязня распавяло “Радыё Свабода” са спасылкай на дасведчаную крыніцу.

Раней паведамлялася, што Скачко абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёпе», «абразе Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

З падрабязнасцяў рэсурсу вядома, што ў каментарыі ў сацыяльных сетках ён ужыў слова «калхазан» і паставіў пад сумнеў тое, што Беларусь з’яўляецца прававой дзяржавай.

Паводле слоў крыніцы, за паўгода ў СІЗА Скачко тройчы мянялі камеру. Цяпер ён сядзіць у невялікай камеры на 10 чалавек.

«Казаў, што яго месца на верхнім ярусе і што там усе, хто наверсе, з жоўтымі біркамі, то-бок палітычныя. У цэлым на ўмовы не скардзіўся, настрой у яго нармальны. Скардзіцца толькі на турэмнае харчаванне, бо на некаторыя стравы ў яго алергія», — распавёў суразмоўца.

Вярхоўны суд Беларусі ў красавіку пацвердзіў прысуд Яўгену Скачко. Гэта азначае, што неўзабаве з гомельскага СІЗА палітвязня перавядуць у калонію, але ў якую, пакуль не паведамілі.

Галоўнай праблемай крыніца называе стан здароўя. У Скачко павышаны ціск, нестабільнасць шыйных пазванкоў — з-за чаго яму неабходны спецыяльны каўнер — і пагоршыўся зрок.

«У яго павышаны ціск, па рэцэпце перадаюць спецыяльныя лекі, і ён іх атрымлівае, гэта дакладна. Яшчэ ў яго нестабільнасць шыйных пазванкоў, з-за чаго таксама неабходныя пэўныя медыцынскія меры — яму трэба насіць спецыяльны «каўнер». У СІЗА ўсё гэта робіцца, але як будзе ў калоніі — невядома. І зрок пагоршыўся. Шмат чытае, між тым асвятлення там недастаткова. Усё гэта разумее, але пры гэтым прасіў за яго асабліва не перажываць, казаў, што ўсё вытрывае, да ўсяго гатовы», — распавёў ён.

Яўген Скачко быў намеснікам старшыні «Маладога фронту» ў канцы 1990-х. Пазней ён пераехаў у Гомель, заняўся прадпрымальніцтвам і адышоў ад палітыкі. Да арышту жыў з сям’ёй, у яго трое дзяцей. У кастрычніку яму споўніцца 50 гадоў. Пасля суда ў лютым праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

На сёння ў Беларусі налічваецца не менш за 840 палітвязняў паводле даных праваабарончай супольнасці, а паводле даных Dissidentby.com — 917.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!