Котов проходит границу в Стамбуле
Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў матэрыял пад назвай «Небяспечныя сувязі палітыка Котава. Як знік беларускі апазіцыянер і хто да гэтага датычны», у якім раскрываюцца дэталі знікнення супрацоўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоля Котава.
Сумеснае расследаванне БРЦ, Deutsche Welle і OCCRP рыхтавалася амаль год і выйшла ў дзень нараджэння Анатоля Котава — 18 чэрвеня. Сёння яму спаўняецца 46 гадоў. Дзе ён знаходзіцца і ці жывы — яго блізкія да гэтага часу не ведаюць.
Журналісты ўстанавілі асобы чатырох чалавек, звязаных са знікненнем Котава, які 21 жніўня 2025 года вылецеў з Варшавы ў турэцкі Трабзон нібыта на важную дзелавую сустрэчу.
Там ён падняўся на борт 30-метровай яхты Shells разам з трыма іншымі пасажырамі — рускамоўнай азербайджанкай, паводле пашпарта грамадзянкай Іарданіі Кахірай Эйналавай, якая сцвярджае, што з Котавым яе звязвалі рамантычныя адносіны, і двума расіянамі, названымі арганізатарамі паездкі, — Юрыем Галаванавым і Пятром Грыбам. Аўтары высветлілі, што грамадзяне РФ так ці інакш звязаныя з ветэранамі беларускага КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.
Беларус Юрый Пузікаў, трэнер і суддзя па кіакусінкай каратэ, які таксама быў на яхце і сышоў на бераг да адплыцця, працаваў у спартыўным аб’яднанні «Адраджэнне» — арганізацыі, якой у розны час кіравалі трое былых супрацоўнікаў спецслужбаў. Сярод іх — уладальнік кампаніі па вытворчасці беспілотнікаў «БТС Глобал» Юрый Сярых, з якім Котаў быў знаёмы да паездкі.
Афіцыйны маршрут яхты вёў у Сочы. Аднак капітан атрымаў неафіцыйную інструкцыю плысці ў сталіцу самаабвешчанай Абхазіі Сухумі. Раніцай 22 жніўня да яхты падышоў расійскі ваенны карабель берагавой аховы. Расіяне абвінавацілі Котава ў нібыта нападзе на іх. Памежнікі ФСБ увайшлі на борт, забралі Котава і загадалі капітану выкрасліць яго са спісу пасажыраў. З таго часу яго ніхто не бачыў.
Расследаванне паказала, што аперацыя была спланаванай. Яхта, якая фігуравала ў выкраданні, была звязаная з турэцкім вытворцам зброі. Пазней яна была прададзеная і перайменаваная ў YS Legacy. Гэтыя ініцыялы супадаюць з імем Сярых, сувязь з ім прасочваецца таксама ў карпаратыўных дакументах.
Польшча, дзе жыў Котаў, расследаванне так і не пачала. Расія і Беларусь адмаўляюць яго затрыманне.
Прачытаць расследаванне цалкам можна па спасылцы.
Нагадаем, Анатоль Котаў знік у жніўні 2025 года. Вядома, што ён адпрасіўся з працы ў івэнт-агенцтве Terra Group і 21 жніўня адправіўся ў Стамбул і знік. Паводле даных пракуратуры Турцыі, пашпарт Котава быў зафіксаваны ў 18.35:54 пры выездзе з Турцыі 21 жніўня праз порт Трабзон.
***
Анатоль Котаў — прадстаўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА). Працаваў у МЗС Беларусі, Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пасольстве Беларусі ў Польшчы, Нацыянальным алімпійскім камітэце, дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў — 2019 і Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.
У жніўні 2020 года ў знак пратэсту пайшоў у адстаўку з пасады намесніка загадчыка аддзела фінансавання дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Апошнія гады знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Котаў уваходзіць у склад Камісіі па этыцы Міжнароднай спартыўнай федэрацыі танца і рабочую групу арганізацыі Athletes for Freedom Foundation.
У 2024 годзе Котава завочна прыгаварылі ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады, кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.