Источник: БРЦ
Беларускі расследавальніцкі цэнтр абвяргае інфармацыю пра ўзлом свайго чат-бота. Пра ўзлом 2 красавіка заявіў Раман Пратасевіч на тэлеканале СТБ. Ён сцвярджаў, што даныя пра ўсіх, хто пісаў у чат-бот, нібыта даступныя сілавікам. Былі прадэманстраваны скрыншоты паведамленняў з «узламанага бота».
Раней БРЦ абвясціў пра закрыццё чат-бота, тлумачачы гэта ўдасканаленнем сістэмы бяспекі. Каманда БРЦ заяўляе, што ўзлому і ўцечак не было.
«Пасля таго як БРЦ паведаміў пра пераход на прыём канфідэнцыйных паведамленняў у асабістыя паведамленні свайго Telegram-канала і закрыццё чат-бота, праз які вы пісалі нам раней, беларускія дзяржаўныя СМІ працягнулі сцвярджаць, што мы зрабілі гэта з-за нібыта ўзлому чат-бота беларускімі спецслужбамі», — заяўляе БРЦ.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр называе скрыншоты, паказаныя на дзяржаўным ТБ, фэйкавымі.
«Гэтыя скрыншоты — фэйкавыя. Пасля дадатковай унутранай праверкі ў нас няма падстаў лічыць, што наш чат-бот узламалі», — заяўляе БРЦ.
БРЦ папярэджвае пра існаванне фальшывага бота БРЦ @ NovajaZiamlaBot. Людзі, якія пісалі туды, могуць сутыкнуцца з рэпрэсіямі.
«Калі вы пісалі туды, вам могуць пагражаць рэпрэсіўныя меры з боку беларускіх улад. Кансультацыю па магчымых далейшых дзеяннях можна атрымаць у службе эвакуацыі BySol.
Калі вы пісалі ў сапраўдны чат-бот БРЦ — @ NovajaZiamla_bot — або пераходзілі на яго па спасылцы з нашага Telegram-канала, то на дадзены момант у нас няма падстаў лічыць, што для вас з’явіліся дадатковыя рызыкі», — заяўляе БРЦ.
Каманда БРЦ таксама правярае распаўсюджаную прапагандыстамі інфармацыю пра ўзлом сайта investigatebel.org. Папярэдняя праверка «не выявіла істотных дадатковых рызык і ў гэтым пытанні», але для поўнай праверкі спатрэбіцца больш часу.
Нагадаем, 31 сакавіка КДБ прызнаў БРЦ “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Датычнымі да яго названы 19 чалавек.