Фото: strazgraniczna.pl
Сем чалавек затрыманыя ў Польшчы за кантрабанду беларускіх цыгарэт праз Літву ў Польшчу ў 2020–2021 гадах. Сярод затрыманых — шэсць грамадзян Польшчы і адзін грамадзянін Арменіі.
Затрыманні прайшлі ў маі гэтага года. Аперацыю правялі супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы і Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі ў Варшаве.
Падчас ператрусаў былі выяўлены цыгарэты і электронныя цыгарэты без польскіх акцызных марак, аўтамабіль Audi Q7, а таксама аўтамабільныя дэталі, якія лічыліся выкрадзенымі на тэрыторыі Польшчы і іншых краін Еўрапейскага саюза. Акрамя таго, былі выяўлены і канфіскаваны боепрыпасы да агнястрэльнай зброі, паведамляе Памежная служба Польшчы.
Паводле даных следства, затрыманыя датычныя да кантрабанды 6,5 мільёна пачкаў цыгарэт агульным коштам на чорным рынку больш за 94 мільёны злотых (25,7 млн долараў). Шкода бюджэту Польшчы праз нявыплачаныя мытныя плацяжы, акцызны падатак і ПДВ ацэньваецца больш чым у 190 мільёнаў злотых (51,9 млн долараў).
Падчас расследавання былі канфіскаваны больш за 32 тысячы злотых (8,7 тысячы долараў) і 2450 еўра наяўнымі, а таксама транспартныя сродкі агульным коштам каля 773 тысяч злотых (211 тысяч долараў).
Затрыманым прад’яўлены абвінавачанні ва ўдзеле і кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай. Пакаранне за кіраўніцтва злачыннай групай прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі, за ўдзел — да 8 гадоў.