Члены сям’і расійскага бізнесмена Уладзіслава Баумгертнера, знойдзенага мёртвым на Кіпры ў студзені, звярнуліся ў паліцыю з заявай аб правядзенні расследавання прычын смерці пасля таго, як яго цела было дастаўлена ў Расію. Яны таксама запатрабавалі не выдаваць цела да завяршэння ўсіх экспертыз, паведамляе РБК са спасылкай на адваката сям’і Дзяніса Саушкіна.
Нагадаем, Уладзіслаў Баумгертнер знік 7 студзеня. Праз тыдзень яго цела знайшлі на тэрыторыі брытанскай ваеннай базы ў раёне Лімасола. ДНК-экспертыза пацвердзіла, што гэта былы кіраўнік «Уралкалія». Прычыны смерці пакуль не ўстаноўлены.
Раней паведамлялася, што асноўнай версіяй смерці Баумгертнера з’яўляецца няшчасны выпадак падчас паходу ў скалістым раёне Кіпра. Аднак родныя звяртаюць увагу на яго праблемы з каленам і страх вышыні. Таксама падазрона выглядае тое, што на наступны дзень пасля таго, як бізнесмена абвясцілі зніклым без вестак 7 студзеня, яго тэлефон заставаўся актыўным — нехта адказваў на паведамленні. Яшчэ адзін факт, на які ўказаў адвакат сям’і, — бізнесмен засяліўся ў гатэль 7 студзеня перад тым, як адправіцца ў раён Пісуры, хоць знаходзіўся за гадзіну язды ад уласнага дома.
Уладзіслаў Баумгертнер у 2003–2013 гадах узначальваў “Уралкалій”. У жніўні 2013 года ён быў затрыманы ў Беларусі. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, нібыта ён у складзе злачыннай групы заніжаў рэальныя цэны на прадаваны калій і пералічваў розніцу падкантрольным кампаніям. Пазней ён быў перададзены Расіі, дзе супраць яго таксама ўзбудзілі крымінальную справу, якая ў 2015 годзе была спынена. Вынікам скандалу стаў распад альянсу “Беларуськалія” і “Уралкалія”.