Бяскростнаў заявіў пра расійскія рэтранслятары ў Кіеве для кіравання «Шахедамі»
Рэдакцыя Reform.news · 3 кастрычніка 2026, 16:54
https://reform.news/be/bjaskrosna-zajavi-pra-rasijskija-rjetransljatary-kieve-dlja-kiravannja-shahedami/Дарадца прэзідэнта Украіны па пытаннях развіцця тэхналагічных напрамкаў абароны Сяргей «Флэш» Бяскростнаў заявіў, што ў Кіеве могуць працаваць расійскія радыёрэтранслятары MESH, якія дазваляюць на кароткі час атрымліваць канал кіравання ўдарнымі дронамі і карэктаваць іх палёт. Паводле яго ацэнкі, у горадзе можа знаходзіцца ад адной да трох такіх прылад.
Пакуль яны працуюць, эфектыўнасць абароны Кіева сродкамі радыёэлектроннай барацьбы будзе абмежаваная, лічыць ён.
«За ўвесь час вайны я ні разу не памыліўся ў тэхнічных высновах і прагнозах адносна нашага ворага. Цяпер я настойваю на тым, што ў Кіеве ўключаюцца радыёрэтранслятары MESH праціўніка, якія забяспечваюць часовы кароткатэрміновы канал кіравання «Шахедамі» для карэкціроўкі ўдараў. Няшмат. Магчыма, 1–3. Такія рэтранслятары цяжка знайсці, але шукаць трэба. Пакуль яны ёсць, закрыццё горада сродкамі РЭБ не будзе эфектыўным», — напісаў Бяскростнаў у Facebook.
У якасці аднаго з аргументаў ён прывёў ўдар беспілотніка па будынку СБУ ў Кіеве 4 верасня.
«У момант удару ў небе не было іншых «Шахедаў»-рэтранслятараў», — адзначыў дарадца.
Бяскростнаў таксама заявіў, што аналізаваў атакі на кіеўскія масты і магчымасць арганізацыі далёкага MESH-канала з тэрыторыі Расіі. На яго думку, наяўнасць анлайн-кіравання стварае пагрозу не толькі для мастоў, але і для размешчаных побач сродкаў СПА.
«Дадам, што без стабільнага анлайн-кіравання проста да моманту ўдару дакладна трапіць у апору або ванты моста немагчыма. Няхай я памылюся ў сваім меркаванні пра рэтранслятары», — напісаў ён.
Бяскростнаў адзначыў, што ўкраінскія спецыялісты даследуюць абломкі беспілотнікаў. Паводле яго слоў, іншых меркаваных «сакрэтных» сродкаў сувязі, уключаючы LTE і іншыя сістэмы, яны не выявілі.
