Reform.news

Бяляцкі: «Няма ніякіх падстаў гаварыць пра адлігу»

Рэдакцыя Reform.news · 16 кастрычніка 2026, 17:58

https://reform.news/be/bjaljacki-njama-nijakih-padsta-gavaryc-pra-adligu/

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі заявіў, што ў Беларусі няма падстаў гаварыць пра адлігу. Гэта прагучала 15 кастрычніка на Саміце свабоды ў Вільнюсе.

Бяляцкі расказаў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і падзякаваў усім, хто дамагаецца вызвалення палітвязняў. Ён таксама заклікаў да салідарнасці з беларускім дэмакратычным грамадствам.

«Няма ніякіх падстаў гаварыць пра адлігу», – прыводзіць яго словы “Вясна”.

Ён таксама назваў крытэрыі, паводле якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прапануюць ацэньваць сітуацыю ў краіне. Гэта вызваленне палітвязняў, магчымасць для высланых і тых, хто з’ехаў, беларусаў бесперашкодна вярнуцца на радзіму, спыненне рэпрэсій і палітычна матываванага пераследу ва ўсіх формах, а таксама мараторый на рэпрэсіўнае заканадаўства.

«Нам мала вызвалення палітычных зняволеных, нам неабходная свабода», – заявіў кіраўнік «Вясны».

Саміт свабоды прайшоў у Вільнюсе 15 кастрычніка. Яго арганізавалі Міністэрства замежных спраў Літвы і міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House. Сярод удзельнікаў былі кіраўнік літоўскага МЗС Кястуціс Будрыс, кіраўнік Freedom House Джэймі Флай, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, украінскі журналіст і былы вязень данецкай турмы «Ізаляцыя» Станіслаў Асееў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, дэмакратычных рухаў і праваабарончых арганізацый Венесуэлы, Кубы і Нікарагуа.

Мэтай форуму была выпрацоўка практычных рэкамендацый для ўрадаў і міжнародных арганізацый па падтрымцы дэмакратычных рухаў і абароне людзей ад рэпрэсій.

Рэклама

Пакінуць адказ