Алесь Беляцкий. Скриншот видео "Радыё Свабода"
Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», нобелеўскі лаўрэат, былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў артыкуле для New York Times заклікаў адрозніваць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, Беларусь і Расію і не ставіцца да Беларусі як да краіны, якая канчаткова адышла ў сферу расійскага ўплыву.
Прыводзім пераклад калонкі.
Я прачнуўся 13 снежня ў сумна вядомай папраўчай калоніі № 9 у Беларусі, як прачынаўся кожны дзень на працягу чатырох з паловай гадоў, — палітычным зняволеным. Але тая субота была іншай. Нечакана мне загадалі сабраць рэчы, завязалі вочы і павезлі. Я не ведаў, куды мяне вязуць і чаму.
Але калі мы перасеклі мяжу з Літвой, я зразумеў, што буду свабодны. У той дзень я стаў адным са 123 зняволеных, вызваленых у абмен на зняцце санкцый ЗША з ключавых тавараў беларускага экспарту. Я ўдзячны прэзідэнту Трампу за тое, што гэта стала магчымым, але праца яшчэ не завершаная.
Мая гісторыя — частка больш шырокай барацьбы беларускага народа за свабоду. Мяне затрымалі ў ліпені 2021 года падчас жорсткіх рэпрэсій супраць палітычных апанентаў, якія лідар краіны Аляксандр Лукашэнка пачаў у адказ на мірныя пратэсты 2020 года. Як кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна» мне былі прад’яўленыя абвінавачанні ў «кантрабандзе» грошай і фінансаванні групавых дзеянняў, «груба парушаючых грамадскі парадак».
3 сакавіка 2023 года, падчас паказальнага суда, які быў шырока асуджаны як палітычна матываваны, мяне прызналі вінаватым і прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Праз год ААН усталявала, што я ўтрымліваюся пад вартай адвольна, з парушэннем міжнароднага права, і запатрабавала майго неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Тым не менш я заставаўся ў зняволенні ў жахлівых умовах, мяне змясцілі ў адзіночную камеру і пазбавілі доступу да неабходных лекаў і рэгулярных зносін з сям’ёй.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пачала пагаршацца задоўга да майго затрымання, у тым ліку праз жорсткія рэпрэсіі супраць палітычнага ўдзелу і свабоды выказвання напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Пасля так званай перамогі Лукашэнкі на гэтых выбарах, якія еўрапейскія чыноўнікі назвалі ні свабоднымі, ні справядлівымі, беларускі народ мабілізаваўся, патрабуючы павагі сваіх дэмакратычных свабодаў.
Электарат 2020 года быў маладзейшы і больш уцягнуты ў пытанні правоў чалавека, чым 30 гадоў таму, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Як паказала шырокая падтрымка яго апанента, беларусы былі гатовыя да зменаў. Замест гэтага Лукашэнка ўчыніў тэрор супраць уласнага народа, каб захаваць уладу: яго паплечнікі жорстка душылі мірныя пратэсты, адвольна знявольваючы тысячы людзей і падвяргаючы катаванням сотні чалавек.
На працягу ўсяго майго зняволення сітуацыя з правамі чалавека працягвала пагаршацца. Так, у 2023 годзе Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Тюрк знайшоў доказы сістэматычных, маштабных і грубых парушэнняў правоў чалавека і паведаміў, што некаторыя з іх могуць кваліфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасці. Па стане на мінулы месяц у Беларусі, паводле паведамленняў, усё яшчэ знаходзілася каля 1100 палітвязняў, хоць рэальная колькасць, верагодна, значна большая, а свабода слова і свабода прэсы былі практычна знішчаныя.
Любы, хто крытыкуе рэжым Лукашэнкі — праваабаронца ён ці не, — рызыкуе падвергнуцца рэпрэсіям з боку ўладаў. Людзі, якія адбывалі пакаранне разам са мной, былі з самых розных слаёў грамадства — студэнты, рабочыя заводаў, вайскоўцы. Гэта былі проста людзі, якія адважыліся патрабаваць дэмакратыі.
Тое, чаго насамрэч баіцца Лукашэнка, — гэта тое, што адбудзецца, калі беларускі народ запатрабуе свабоды. Ён відавочна хоча заставацца пры ўладзе, каб узбагачаць сябе і сваю сям’ю. Ён імкнецца захаваць і ўмацаваць рэжым, які працягвае служыць элітам, што выконваюць яго волю. Значная частка беларускага насельніцтва адназначна адхіляе яго дыктатуру. Многія з іх не прымуць нічога меншага, чым яго неадкладны сыход і магчымасць пабудаваць дэмакратычнае грамадства.
Міжнародная супольнасць адыгрывае ключавую ролю ў падтрымцы беларускага народа. Акрамя працягу эканамічнага ціску на рэжым, уключаючы санкцыі супраць асобных асобаў і эканамічных сектараў, найбольш важныя крокі заключаюцца ў падтрымцы прадэмакратычных арганізацый як унутры краіны, так і за яе межамі.
Так, многія прадэмакратычныя актывісты працуюць у выгнанні. Дэмакратычныя дзяржавы павінны абараняць актывістаў за мяжой, якія могуць стаць аб’ектамі пераследу з боку беларускіх уладаў, надаваць фінансавую падтрымку іх арганізацыям і спрыяць фармаванню ў Беларусі грамадзянскага асяроддзя, неабходнага для прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека і магчымасці крытыкаваць рэжым. Акрамя таго, нягледзячы на небяспеку, многія адважныя людзі ўнутры Беларусі працягваюць змагацца за свабоду, і пра іх нельга забываць. Мы павінны знайсці новыя спосабы выбудоўвання салідарнасці праз межы, улічваючы маштаб выклікаў, што стаяць перад беларускім народам.
Разглядаючы шляхі паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, важна правесці два размежаванні.
Па-першае, неабходна адрозніваць Беларусь і Расію. Памылкова лічыць, што Беларусь заўсёды знаходзіцца на баку Расіі. Нягледзячы на саюз Лукашэнкі з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, некаторыя апытанні паказваюць, што большасць беларусаў выступаюць супраць накіравання войскаў для ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны. Свет не павінен спісваць Беларусь як краіну, што адышла ў сферу ўплыву Расіі.
Па-другое, неабходна заўсёды адрозніваць беларускі народ і беларускі рэжым ва ўсіх сферах. Насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў закладніках у Лукашэнкі. Тое, што беларускі народ працягвае супраціўляцца ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій, сведчыць пра тое, што ў Лукашэнкі заканчваецца час. Менавіта таму нам неабходна актывізаваць намаганні па прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека ў нашай краіне.
За ўвесь час знаходжання ў турме я ні на імгненне не страчваў веры ў беларускі народ. Свет таксама не павінен яе страціць.