Доника Косби. Фото: @bchorizont
Баскетбалістку з ЗША Доніку Косбі, якая выйграла ў складзе мінскага клуба «Гарызонт» Кубак Беларусі за 2024 год, на пачатку красавіка дадалі ў базу вышуку расійскага МУС. Імя Косбі выявіла ў базе «Медыязона» пры падрыхтоўцы чарговага абнаўлення базы.
У картцы не пазначана, паводле якога артыкула і ў якой краіне — у Расіі ці Беларусі — узбуджаная крымінальная справа.
Сама Косбі даведалася пра крымінальную справу з паведамлення «Медыязоны». У 2025 годзе яна спыніла гульнявую кар’еру і цяпер працуе памочніцай галоўнага трэнера жаночай баскетбольнай каманды ў кам’юніці-каледжы Місісіпі Галф-Кост.
«Да мяне ставіліся як да злачынцы ці кагосьці такога, калі я перасякала мяжу, — расказала яна “Медыязоне”. — Шукалі хоць якую-небудзь прычыну, каб мяне арыштаваць, таму я не здзіўленая».
Паводле яе слоў, пры вяртанні ў Беларусь пасля адпачынку на Раство ў 2024 годзе ў яе канфіскавалі заплечнік «для нейкіх тэстаў ці нечага такога».
«Нейкая лухта, калі шчыра, з-за таго, што я амерыканка, якая пастаянна выязджала і вярталася… Хацелі [знайсці] наркотыкі, але ў мяне, вядома, нічога не было, інакш я б цяпер была ў турме».
У выніку Косбі пусцілі ў Беларусь, але праз тры тыдні запрасілі на допыт: «Здаецца, гэта было іміграцыйнае ведамства, не аддзяленне міліцыі. Мяне пыталіся, дзе я бывала, з кім, чаму выязджала і вярталася столькі разоў».
Прычыну ўзбуджэння крымінальнай справы Косбі не ведае. «У любым выпадку, у мяне і думкі цяпер не будзе пра паездкі ў [Расію ці Беларусь]», — сказала баскетбалістка.
Пасля апытання агент Косбі вырашыў, што заставацца ў Беларусі для баскетбалісткі стала небяспечна, і яна пакінула краіну. Кантракт з «Гарызонтам» быў разарваны па пагадненні бакоў праз некалькі тыдняў, у лютым 2025 года.