Скриншот видео
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на гэтым тыдні збіраецца абмеркаваць новыя ўдары па Іране. Пра гэта паведамляе Axios са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў. Чакаецца, што каманда па нацыянальнай бяспецы амерыканскага прэзідэнта збярэцца ў аўторак.
Паводле інфармацыі CNN, Пентагон ужо падрыхтаваў пералік патэнцыйных цэляў удару.
У нядзелю Трамп пагаварыў з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху пра сітуацыю ў Іране. Перад гэтым у суботу Трамп ужо правёў сустрэчу з членамі каманды па нацбяспецы, на якой таксама абмяркоўваўся Іран.
«Мы хочам заключыць здзелку. Яны знаходзяцца не там, дзе мы хочам. Ім давядзецца туды трапіць, інакш іх моцна ўдараць, а яны гэтага не хочуць», — заявіў Трамп у тэлефоннай размове з Axios.
Паводле яго слоў, магчымыя ўдары па Іране будуць мацнейшыя, чым раней.
«Час падціскае. Ім лепш дзейнічаць хутка, інакш у іх нічога не застанецца», — падкрэсліў Трамп.
У нядзелю Саудаўская Аравія і ААЭ падвергліся атацы іранскіх беспілотнікаў. У ААЭ дрон трапіў на тэрыторыю атамнай электрастанцыі Барака, дзе пашкодзіў электрагенератар па-за межамі ўнутранага перыметра.
На гэтым фоне нафтавыя каціроўкі зноў пайшлі ўверх. Кошт найбліжэйшага ф’ючарса на нафту маркі Brent перавысіў 110 долараў.