BelGee X50. Фото: "БелДжи"
BelGee заняў пятае месца на расійскім аўтарынку па выніках 2025 года. Паводле даных «Автостат-Инфо», у мінулым годзе ў Расіі былі прададзеныя 68,09 тыс. аўтамабіляў беларускага брэнда. Аб’ём продажаў вырас на 96%.
У снежні 2025 года BelGee быў чацвёртым на рынку. Усяго было прададзена 8466 машын, што амаль у чатыры разы больш, чым за снежань 2024 года.
Аб’ём рынку ў цэлым склаў 1,306 млн аўтамабіляў, што на 16% менш, чым у 2024 годзе. Аднак у апошнія месяцы мінулага года назіраўся рост продажаў. Так, у снежні было прададзена 134,3 тыс. машын, што на 11% больш, чым за аналагічны месяц 2024 года.
Лідарам рынку па выніках года стала Lada з падзеннем продажаў на 25% да 330,36 тыс. адзінак, далей ідуць Haval (173,4 тыс., -9%), Chery (99,94 тыс., -37%), Geely (94 тыс., -37%).
У дзясятку найбольш прадаваных мадэляў трапіла BelGee X50. За год, паводле даных «Автостат- Инфо», было прададзена 38,3 тыс. такіх машын, што на 24% больш, чым у 2024 годзе. Мадэль BelGee X50 стала чацвёртай у рэйтынгу. У тройку па папулярнасці ў РФ у мінулым годзе ўвайшлі Lada Vesta, Lada Granta, Haval Jolion.