Беларускія дэмсілы сталі паўнапраўным удзельнікам Моладзевага Люблінскага трохкутніка
Рэдакцыя Reform.news · 28 лістапада 2026, 14:43
https://reform.news/be/belaruskija-djemsily-stali-pa-napra-nym-udzelnikam-moladzevaga-ljublinskaga-trohkutnika/Беларускія дэмакратычныя сілы сталі паўнапраўным удзельнікам Моладзевага Люблінскага трохкутніка, міжнароднай платформы, якая аб’ядноўвае моладзь Польшчы, Літвы і Украіны. Адпаведны мемарандум быў падпісаны 28 лістапада на саміце арганізацыі, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі.
Беларускую моладзь у гэтай структуры будуць рэпрэзентаваць прадстаўніцтва АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтве і Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА».
Далучэнне да ініцыятывы адкрывае магчымасці для спрашчэння доступу беларусаў да адукацыйных сістэм краін-удзельніц, распрацоўкі сумесных праграм студэнцкага абмену і стажыровак, павышэння міжнароднай мабільнасці беларускай моладзі.
Прадстаўнікі беларускіх дэмсіл таксама змогуць удзельнічаць у распрацоўцы сумесных рашэнняў у сферы моладзевай палітыкі.
У АПК падкрэсліваюць, што, у адрозненне ад шэрагу міжнародных структур, у якіх прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл выконваюць пераважна кансультатыўную ролю, у Моладзевым Люблінскім трохкутніку яны атрымалі права голасу і будуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў нароўні з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы і Украіны.
Паводле слоў выканаўцы абавязкаў прадстаўніка АПК па пытаннях моладзевай палітыкі і справах студэнтаў Аляксея Грахоўскага, падпісанне мемарандума таксама адкрывае магчымасць для пачатку перамоў аб удзеле беларускіх дэмакратычных сіл у пашыраным Люблінскім трохкутніку і іншых рэгіянальных платформах супрацоўніцтва.
