«ПТСР і пагроза бясплоддзя». Праз 4 гады гамяльчанка расказала пра свае роды і іх наступствы
Рэдакцыя Reform.news · 28 лістапада 2026, 16:39
https://reform.news/be/ptsr-i-pagroza-bjasploddzja-praz-4-gady-gamjalchanka-raskazala-pra-svae-rody-i-ih-nastupstvy/Двое сутак балючых сутычак, якія называлі трэніровачнымі, умяшанні без тлумачэнняў і экстранае выскрабанне — 29-гадовая гамяльчанка расказала пра свой досвед родаў, пасля якіх, паводле слоў дзяўчыны, ёй давядзецца лячыць ПТСР і знітоўкі ў матцы, якія пагражаюць бясплоддзем.
У аддзяленне паталогіі гамяльчанка легла на тэрміне 40 тыдняў і адзін дзень. Пасля першага агляду з’явіліся крывяністыя выдзяленні.
«Лекарка сказала, што шыйка ў мяне „дубовая“, і правяла настолькі агрэсіўны агляд, што пасля яго пачало крывавіць і цягнуць жывот», — піша аўтарка.
На другі і трэці дзень сутычкі сталі рэгулярнымі і вельмі балючымі. Але шыйка заставалася без змен, і медыкі, расказвае дзяўчына, працягвалі лічыць іх трэніровачнымі. Для зняцця спазму і абязбольвання, паводле слоў гамяльчанкі, ёй калолі папаверын і анальгін — дзяўчына адзначае, што гэтыя прэпараты не дапамагаюць ёй нават пры месячных.
«Да ночы трэцяга дня я была настолькі знясіленая, што ўжо не магла нармальна дыхаць падчас сутычкі. Мяне ўсю заціскала ад болю. Сутычкі кожныя 5–7 хвілін. Мне было СОРАМНА зноў ісці да медсястры і турбаваць яе сваімі „трэніровачнымі“. Каля гадзіны прасядзела ўначы ў калідоры, каб не будзіць дзяўчат у палаце сваімі ціхімі крыкамі».
Увесь гэты час парадзіха збіралася з духам папрасіць у медсястры больш моцнае абязбольвальнае, пакуль не пачала «проста адключацца» паміж сутычкамі. Да моманту, калі яе перавялі ў радзільнае аддзяленне, яна ўжо двое сутак не спала ад болю, і сіл на роды не засталося. Паводле слоў дзяўчыны, ёй пракалолі плодны пузыр, прымацавалі КТГ і пакінулі перажываць сутычкі, лежачы на спіне.

«Мяне ванітавала ад болю. Гэтыя некалькі гадзін я дагэтуль памятаю нейкімі ўрыўкамі», — піша яна.
Праз 3-4 гадзіны без вод лекарка прапанавала ўводзіць аксітацын з абязбольваннем, паколькі шыйка маткі раскрывалася павольна.
«І я пагадзілася. Мне ў той момант ужо нічога не хацелася, акрамя таго, каб гэты боль хоць крыху спыніўся».
Пасля абязбольвання парадзіха змагла нармальна дыхаць і не заціскацца, а паміж сутычкамі проста правальвалася ў сон. Падчас патуг, паводле яе слоў, медыкі пачалі ціснуць ёй на жывот, але яна запатрабавала спыніць гэта і патлумачыць, як тужыцца.
«За ўсе гэтыя дні я так і не змагла пастаяць за сябе. Але ў гэты момант я змагла пастаяць за сваю дачку», — успамінае дзяўчына.
Пасля тлумачэнняў роды, паводле слоў гамяльчанкі, пайшлі лёгка, але ёй усё роўна разрэзалі пахвіну, проста паставіўшы перад фактам, а плацэнту аддзялілі рукой, не спытаўшы згоды.
УГД на пятыя суткі паказала, што ў матцы засталіся абалонкі, і гамяльчанцы сказалі рыхтавацца да планавай чысткі. Але пасля агляду з дапамогай люстэркаў «проста па свежых швах пасля эпізіятаміі» пачаўся крывацёк.
«Нават калі я пачала пакідаць за сабой крывавы след па калідоры, я не адразу зразумела, што адбываецца нешта страшнае. Мне было сорамна, што я пэцкаю падлогу».
Выскрабанне давялося рабіць экстрана, паводле слоў дзяўчыны, практычна нажывую:
«Пачалі абязбольваць тым, што было пад рукой. Нешта ўкалолі ўнутрымышачна. Я не крычала, я стагнала ад болю. І ў нейкі момант спытала ў медсястры: „Я не занадта гучна стагну? Не занадта шмат скарджуся?“. Я тады нават не ўсведамляла, наколькі небяспечным быў гэты крывацёк».
Дзяўчына засталася ўдзячнай лекару і акушэрцы, якія яе выратавалі. Чаго не скажаш пра медыкаў, якія прымалі ў яе роды:
«Яны зламалі мяне. Маё цела памятае, дагэтуль заціснутае».
Паводле слоў гамяльчанкі, яна дагэтуль разбіраецца з наступствамі тых родаў: балючыя, багатыя месячныя са згусткамі, сінехія ў поласці маткі.
«Мне ўсяго 29 гадоў. І, божа, як жа мне крыўдна, што праз столькі гадоў гэтая гісторыя ўсё яшчэ не скончылася для мяне. Ні фізічна, ні псіхалагічна. Як лекарка я цудоўна разумею, што бываюць сітуацыі, калі чакаць нельга. Але калі былі нейкія паказанні, мне павінны былі іх агучыць», — піша гамяльчанка.
Для чаго маглі быць паказанні
Рэдакцыя не можа праверыць дакладнасць гэтай гісторыі: медыцынскія дакументы аўтарка не прыкладае, і ў медыкаў няма магчымасці адказаць. Але частка апісанага ўкладаецца ў звычайную акушэрскую практыку.
Агляд шыйкі маткі пры паступленні — стандартная рэч, і пасля яго на такім тэрміне можа крывавіць.
Сутычкі без структурных змен шыйкі маткі могуць не лічыцца пачаткам родавай дзейнасці. Але боль і двое сутак без сну патрабуюць дапамогі, незалежна ад дыягназу.
Медыкаментознае абязбольванне прызначае лекар, так што сама даць яго акушэрка, імаверна, не магла.
Пракол плоднага пузыра і ўвядзенне аксітацыну могуць быць апраўданыя павольным раскрыццём шыйкі маткі, пра якое піша аўтарка.
Ці былі паказанні для эпізіятаміі — невядома, але аўтарка сцвярджае, што ёй іх не назвалі.
Ручное аддзяленне плацэнты робяць пры крывацёку або калі плацэнта не выходзіць сама, звычайна не раней чым праз паўгадзіны. Аўтарцы падалося, што ўсё адбылося амаль адразу, але адчуванне часу падчас родаў ненадзейнае. Знойдзеныя пазней рэшткі абалонак могуць ускосна сведчыць пра тое, што паслед аддзяляўся з цяжкасцю.
