Reform.news

У Варшаве праходзіць першая сустрэча беларускай Жаночай палітычнай групы

Рэдакцыя Reform.news · 28 лістапада 2026, 15:45

https://reform.news/be/u-varshave-prahodzic-pershaja-sustrjecha-belaruskaj-zhanochaj-palitychnaj-grupy/

У Варшаве праходзіць першая вочная сустрэча беларускай Жаночай палітычнай групы, якая аб’ядноўвае прадстаўніц дэмакратычных структур, палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Сёння, 28 лістапада, да ўдзельніц сустрэчы далучылася Святлана Ціханоўская.

Удзельніцы абмеркавалі гісторыю беларускага жаночага руху, ролю жанчын у палітычных працэсах з пачатку 1990-х гадоў да цяперашняга часу, пераемнасць пакаленняў і досвед жаночага лідарства ў 2020 годзе.

«Беларускія жанчыны маюць вялікі досвед палітычнай дзейнасці. І не толькі з 2020 года. За намі дзесяцігоддзі працы жанчын, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, за правы чалавека, за дэмакратычныя перамены.

Сённяшняя сустрэча яшчэ раз паказала, колькі таленавітых і прафесійных жанчын працуе ў беларускіх дэмакратычных сілах. І вельмі важна, каб у будучай Беларусі нам не давялося нанова змагацца за тыя правы і магчымасці, за якія змагаліся пакаленні беларусак да нас», — заявіла лідарка дэмсіл.

Сустрэча праходзіць 28 і 29 лістапада. Яе ўдзельніцы абмяркоўваюць удзел жанчын у сучаснай беларускай палітыцы і перашкоды, з якімі яны сутыкаюцца, стварэнне агульнай платформы для прасоўвання інтарэсаў беларусак і ўзмацнення іх палітычнага ўплыву, агульныя каштоўнасці, прыярытэты і напрамкі супрацоўніцтва, а таксама план сумесных дзеянняў на найбліжэйшы год.

«Гэтая сустрэча — значна больш, чым размова. Беларускія жанчыны ўжо паказалі ў 2020 годзе, што могуць весці за сабой краіну. Але палітычнае лідарства не ўзнікае само па сабе. Яго трэба выбудоўваць праз давер, узаемную падтрымку і сумесныя рашэнні.

Калі жанчыны з розных структур садзяцца за адзін стол, шукаюць агульныя каштоўнасці і дамаўляюцца пра сумесныя дзеянні, нараджаецца сіла, дзякуючы якой наш голас чуюць там, дзе прымаюцца рашэнні. Гэта важна ўжо сёння і будзе важна ў будучай дэмакратычнай Беларусі», — заявіла дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч.

Рэклама

Пакінуць адказ