Беларуска вырашыла паплаваць у рацэ на Кольскім паўвостраве. Яе шукаюць дагэтуль

1 студзеня падчас групавога айс-флоатынгу ў акваторыі ракі Туломы ў Мурманскай вобласці знікла грамадзянка Беларусі. Мясцовы аддзел СК РФ завёў крымінальную справу.

Следчым аддзелам па Кольскім раёне СУ СК Расіі па Мурманскай вобласці распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 238 КК РФ («Аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі жыцця або здароўя спажыўцоў»), паведамляе прэс-служба мясцовага СК.

Паведамленне ў праваахоўныя органы паступіла ўвечары 1 студзеня. Жанчыну 1968 года нараджэння панесла плынню падчас групавога айс-флоатынгу ў акваторыі ракі Туломы.

Яе месцазнаходжанне да гэтага часу не ўстаноўлена.

Паведамляецца, што жанчына — грамадзянка Беларусі.

***

Айс-флоатынг — гэта від зімовага адпачынку, пры якім чалавек плавае ў ледзяной вадзе (у палонцы або сярод ільдзін) у спецыяльным цеплаізаляцыйным гідракасцюме, які апранаецца паверх адзення.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!