Фото: gov.pl
У Польшчы затрымалі 45-гадовага грамадзяніна Беларусі, які перавозіў падробленыя абгорткі для цыгарэтных фільтраў. Пачата крымінальная справа.
Польскія мытнікі спынілі грузавы аўтамабіль у Будзісцы каля польска-літоўскай мяжы. Кіроўца не змог адназначна адказаць на пытанне, які тавар ён перавозіць у паўпрычэпе, паведамляе Падаткова-мытная палата ў Беластоку.
Аўтамабіль адправілі на сканаванне, а груз агледзелі. У паўпрычэпе знайшлі 657 рулонаў абгортак для цыгарэтных фільтраў з таварнымі знакамі адной з вядомых тытунёвых марак. Агульная вага грузу склала больш за 3,5 тоны. Кошт ацэньваецца ў 131 тысячу злотых (36,3 тысячы долараў).
Мытнікі звязаліся з прадстаўніком кампаніі — уладальнікам правоў на таварны знак, які пацвердзіў, што затрыманы тавар з’яўляецца падробкай, і падаў заяву аб прыцягненні вінаватых да крымінальнай адказнасці.
Пачата расследаванне. Кіроўцу грузавіка дапыталі. За маркіроўку тавараў падробленымі таварнымі знакамі пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.