Скриншот видео
Беларусь збіраецца пачаць зборку тэхнікі ў Амане ў гэтым годзе. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню расказаў пасол Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Амане Яўген Сабалеўскі. Зборка тэхнікі з’яўляецца часткай плана па стварэнні беларускага хаба ў Амане.
“Безумоўна, у нас распрацаваны план мер па рэалізацыі хаба. І першачарговымі крокамі з’яўляецца стварэнне ў свабодных эканамічных зонах Амана зборак беларускай тэхнікі. Тут ідзе гаворка і пра зборку тэхнікі МАЗ, “Амкадор” і шэрагу іншых прадпрыемстваў. На дадзеным этапе мы ўжо перайшлі, як я ўжо казаў, ад агульных слоў да спраў і чакаем, што ўжо ў гэтым годзе будзе сабрана першая адзінка беларускай тэхнікі ў Амане. Пасля гэтага пяройдзем да іншых этапаў рэалізацыі хаба”, — сказаў ён.
Пасол адзначыў, што Аман адкрые Беларусі доступ да краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі. У краіны ёсць зоны свабоднага гандлю са многімі дзяржавамі.
“Мы намецілі ўжо канкрэтныя крокі і працуем прадметна па праектах упакоўкі тут беларускага дзіцячага харчавання і сушкі малака. Вядома ж, разлічваем, што беларускія тавары будуць прадстаўлены на паліцах мясцовых крамаў у больш шырокім асартыменце, бо гаворка ідзе і пра прамыя пастаўкі тавараў. Ну і, натуральна, пра лакалізацыю беларускіх кампетэнцый на мясцовым рынку”, — дадаў Сабалеўскі.
Паводле яго слоў, найбуйнейшым аманскім праектам у Беларусі будзе новы цэлюлозна-кардонны камбінат. У мінулым годзе быў падпісаны мемарандум аб рэалізацыі праекта коштам 1,4 млрд долараў. ЦКК будзе выпускаць 800 тыс. т прадукцыі штогод.
“Гэты праект з’яўляецца адным з флагманскіх, ключавых праектаў, які дазволіць таксама рэалізаваць беларускія кампетэнцыі ў сферы дрэваапрацоўкі і цэлюлозна-кардоннай прамысловасці. І сам па сабе будзе з’яўляцца яскравым сігналам і, я б сказаў, магнітам для прыцягнення іншага бізнесу ў Беларусь”, — патлумачыў пасол.
Дыпламат таксама заявіў, што сённяшняя сітуацыя ў раёне Персідскага заліва хутчэй абернецца для Амана новымі выгодамі.
“Тут, безумоўна, абстаноўка не можа не ўплываць на сітуацыю ў рэгіёне, на лагістычныя ланцужкі, інвестыцыйныя рызыкі. Але я б сказаў, што ўплыў сітуацыі на Аман, калі глядзець не штомгненна, штохвілінна, а ў перспектыве, носіць хутчэй адваротны эфект. Цяпер усе цягнуцца да дзяржаў, якія захоўваюць стабільнасць у эканоміцы, у палітыцы, гарантуюць захаванасць інфраструктуры, укладанняў капіталу. Усё гэта ёсць у Амане.
Гэта адна з найбольш, напэўна, прывабных на дадзены момант краін, і ў перспектыве ёй удалося захаваць свае самыя моцныя бакі. Улічваючы таксама перспектывы пераналадкі лагістычных калідораў, нават з улікам эфекту ад сітуацыі, Аман таксама ў выйгрышы, як мы бачым. З гэтага пункту гледжання, вядома ж, мы не памыліліся, і гэта яшчэ раз нас пацвярджае ў правільнасці выбару і ў тым, што нам трэба сябраваць, і тое, што гэта наш стратэгічны партнёр у рэгіёне”, — сказаў ён.