Фрагмент обложки доклада
ААН апублікавала чарговы даклад пра шчасце ў свеце. Ён падрыхтаваны ў партнёрстве Інстытута Гэлапа, Оксфардскага цэнтра даследаванняў дабрабыту і Сеткай ААН па пошуку рашэнняў у галіне ўстойлівага развіцця. Даклад ахоплівае перыяд з 2023 па 2025 гады.
Беларусь апошні раз фігуравала ў рэйтынгу ў 2019 годзе. Тады яна знаходзілася на 75-м месцы, а найлепшай пазіцыяй у краіны было 59-е месца.
Гэтым разам на вяршыні рэйтынгу апынуліся Фінляндыя, Ісландыя і Данія. Таксама ў першую дзясятку ўвайшлі Коста-Рыка, Швецыя, Нарвегія, Нідэрланды, Ізраіль, Люксембург і Швейцарыя.
Замыкаюць рэйтынг Батсвана, Зімбабвэ, Малаві, Сьера-Леонэ і Афганістан. Усяго ў ім 147 дзяржаў.
Польшча размясцілася на 24-м месцы, Літва — на 28-м, Латвія — на 48-м, Расія — на 79-м, Украіна — на 111-м. Сярод краін-суседзяў Беларусі пазіцыя Польшчы палепшылася. Літвы, Латвіі і Расіі – пагоршылася, а Украіна засталася на тым жа месцы, што і год таму.
У гэтым годзе аўтары дакладу асноўнай тэмай абралі ўплыў сацыяльных сетак на паказчыкі шчасця. Яны адзначаюць, што ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе маладыя людзі значна менш шчаслівыя, чым 15 гадоў таму. За той жа перыяд значна ўзрасло выкарыстанне сацыяльных сетак. Многія вінавацяць у гэтым падзенні ўзроўню шчасця сацыяльныя сеткі, хоць у іншых рэгіёнах узровень шчасця моладзі не змяніўся, нягледзячы на роўнае распаўсюджанне сацсетак.
“Даследаванне PISA, праведзенае сярод 15-гадовых падлеткаў у 47 краінах, паказвае, што тыя, хто выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі больш за сем гадзін у дзень, маюць значна ніжэйшы ўзровень дабрабыту, чым тыя, хто выкарыстоўвае іх менш за гадзіну. Для дзяўчынак у Заходняй Еўропе розніца складае амаль цэлы бал (з 10), што амаль удвая больш, чым для дзяўчынак у іншых краінах. Для хлопцаў зніжэнне складае амаль паўбала ў Заходняй Еўропе і практычна нулявое ў астатніх 35 краінах.
У выбарцы амерыканскіх студэнтаў каледжаў большасць выказалі жаданне, каб сацыяльных сетак не існавала. Яны выкарыстоўваюць іх, таму што імі карыстаюцца іншыя, але аддалі б перавагу, каб іх увогуле ніхто не выкарыстоўваў”, – гаворыцца ў дакладзе.
Па-за межамі англамоўнага свету і Заходняй Еўропы сувязь паміж сацыяльнымі сеткамі і дабрабытам больш пазітыўная, але яна адрозніваецца ў залежнасці ад платформы. Так, даныя з Лацінскай Амерыкі паказалі, што сеткі з алгарытмічнай стужкай і ўдзелам уплывовых асоб часцей аказваюцца негатыўна звязаны з задаволенасцю жыццём, чым тыя, якія ў асноўным спрыяюць зносінам.
Рэйтынгі краін заснаваны на трохгадовым сярэднім паказчыку сярэдняй ацэнкі якасці жыцця насельніцтвам дзяржаў, якія атрымліваюць шляхам апытання. Не выключана, што складанасці з правядзеннем апытанняў у Беларусі ў выніку прывялі да таго, што ацэнка шчасця ў нашай краіне не праводзіцца. Акрамя апытання пры складанні рэйтынгу міждысцыплінарныя эксперты з эканомікі, псіхалогіі, сацыялогіі і іншых абласцей спрабуюць растлумачыць адрозненні паміж краінамі і з цягам часу, выкарыстоўваючы такія фактары, як ВУП на душу насельніцтва, чаканая працягласць здаровага жыцця, наяўнасць чалавека, на якога можна пакласціся, адчуванне свабоды, шчодрасць і ўспрыманне карупцыі.